авало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Захапіць, узяць сілай; завалодаць. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай.. не ўдалася. Брыль. // перан. Падначаліць сабе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Авалодаць увагай.

2. Ахапіць, апанаваць (пра стан, думкі, пачуцці). Цяжкая стома авалодала ўсім целам, не хапала паветра. Гамолка. «Глупства ўсё гэта, не можа быць», — суцяшаў сам сябе Казімір, як бы баючыся таго новага пачуцця, што авалодала ўсёй яго істотай. Краўчанка.

3. Трывала засвоіць што‑н., навучыцца карыстацца, кіраваць чым‑н. Авалодаць англійскай мовай. Авалодаць агратэхнікай. Авалодаць станком.

•••

Авалодаць сабой — вярнуць страчанае самамавалоданне. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знайсці́ся, знайдуся, знойдзешся, знойдзецца; пр. знайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.

1. Аказацца выяўленым у выніку пошукаў; адшукацца (пра каго‑, што‑н. згубленае, страчанае і пад.). Добра, што знайшоўся нарэшце Тол[еў] брат, але ж яна, Валя, па-ранейшаму гэтак жа непакоіцца за Толю, як і яго родны брат. Якімовіч. [Люба] стала чуць у сабе патрэбу быць блізка да Рыльскага, быццам тут знайшлося тое, чаго яна апошні час шукала сярод людзей. Чорны.

2. Аказацца ў наяўнасці, выявіцца. Пры раненым не знайшлося дакументаў. Васілевіч. У атрадзе знайшліся танкісты з былых акружэнцаў, і машыну ўключылі ў спіс партызанскага ўзбраення. Шчарбатаў. // Іран. Аб’явіцца, заявіцца. Барыс злёгку паціснуў плячамі: бач, дабрадзей знайшоўся. М. Ткачоў.

3. Сцяміць, зразумець, што трэба рабіць, сказаць і пад. — Не ўмею танцаваць, — нарэшце знайшоўся я, каб што-небудзь адказаць у сваё апраўданне. Гамолка. / з займ. «што» у знач. злучальнага слова. [Лявон] разгубіўся і не знайшоўся адразу, што адказаць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)