страла́, ы́; мн. стрэ́лы (з ліч. 2, 3, 4 стралы́), стрэл; ж.

1. Тонкі прут з завостраным канцом або вострым наканечнікам для стральбы з лука. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў .. [каршуна]. Якімовіч. Жыхары абараняюцца лукамі. Стрэлы свабодна праходзяць праз ствалы і голле .. дрэва. Матрунёнак. // звычайна мн. (стрэ́лы, стрэл); перан. З’едлівыя, калючыя словы ў чый‑н. адрас. Стрэлы крытыкі. // Простая, доўгая паласа чаго‑н. Нібы страла, [шаша] рассякала бязмежную раўніну стэпу. Востры канец гэтай даўжэзнай стралы канчаўся там, дзе шызае неба злівалася з жоўтай зямлёй. Шамякін.

2. Назвы розных вузкіх і доўгіх дэталей і частак у механізмах, прыладах. Страла станковага кулямёта. Страла вагі. // перан. Паэт. Пра тое, што падобна да стралы, напамінае стралу. Рвануў вецер, недзе далёка грымнуў гром, данесліся сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланкі. Гурскі. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Колас.

3. Рухомая частка пад’ёмнага крана, а таксама спецыяльнае прыстасаванне для пад’ёму грузаў. Страла экскаватара. □ Горад жыў побач, звінеў трамваямі, размахваў стрэламі будаўнічых кранаў, тануў у рознагалоссі шуму і грукату. Ракітны. Націскаючы на рычаг, .. [Таня] накіроўвае стралу з грузам уверх, а пад крык «майна!» і штопар брыгадзіравага пальца ўніз — зніжае груз у патрэбнае месца. Гарбук.

4. Тое, што і стрэлка (у 2 знач.). На слупах вялізная карта на фанерных шчытках. Тлустыя сінія стрэлы прарэзалі яе ў розных напрамках. Лынькоў.

5. Тое, што і стрэлка (у 5 знач.). У Акілініным агародчыку прабіваліся ўжо чырвоныя стрэлы півоняў. Вітка. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

6. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі хутка. Коля стралой памчаўся на кухню, каб папярэдзіць дзяжурнага. Пальчэўскі.

7. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі прама. Бяжыць чыгунка. Бор стары Яна стралой перасякае І крута гнецца ля гары, Нібы дуга якая. Калачынскі.

•••

Парфянская страла — меткі каварны ўдар, трапнае знішчальнае слова праціўніка (ад ваеннай хітрасці парфян — сімуляваць уцёкі і цераз плячо паражаць праціўніка з лука).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Востры, войстры (БРС, Нас., Яруш., КТС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. о́стрый, укр. о́стрий, го́стрий, ст.-рус., ст.-слав. остръ, польск. ostry, чэш., славац. ostrý, балг. о́стър, серб.-харв. о̏шта̑р, о̏штра, о̏штро, славен. óster, ȏstra, óstro, в.-луж. wostry, н.-луж. wótšy. Для прасл. рэканструюецца ostrъ (Махэк₂, 421). Роднаснае літ. aštras, лат. дыял. astrs ’конскі волас’, ст.-інд. áśriḥ ж. р. ’край, вугал, грань, лязо’; aśániḥ ’вастрыё стралы, кідальная зброя’, грэч. ἄκρος ’верхні, крайні’, ἄκρον ’вяршыня, край, канец’, лац. ācer ’востры’, арм. asełn ’ігла’, ст.-ірл. ēr ’высокі’ (*ak̑ros), алб. áthëtë ’кіслы, даўкі’, грэч. ὄκρις ’вастрыё, вяршыня гары’, лац. ocris ’mons confragosus’, ст.-ірл. ochar ’вугал, выступ’ (гл. Траўтман, 15; Праабражэнскі, 1, 666; Майргофер, 1, 61; Фасмер, 3, 167; там і інш. літ.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сула́1 ’бярозавы сок’ (ігн., воран., Сл. ПЗБ). З літ. sulà ’тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73).

Сула́2 ’гурт жанчын, якія ўдзельнічаюць у абрадзе ваджэння стралы/сулы’ (усх.-палес., СіБФ, 1986, 45), ’абрадавае дзеянне ў выглядзе доўгай змейкі гуляючых, якая скручваецца ў тугі клубок’ (добр., Земляроб. каляндар), ’абрадавы кіёчак, які пускаюць у раку пры ваджэнні сулы’ (гом., бран.). Паводле Вінаградавай (Язык культуры, 230), назва паходзіць з фальклорнага тэксту, які суправаджае абрад (“Ой лятить сула да й удоль села”), дзе сула можа чаргавацца са страла (гл. страла3), што дае падставы звязаць яе са стараж.-рус. сула, сулица ’кароткае кідальнае кап’ё’ (гл. суліца), гл. Антропаў, Веснік ЕДУ, 1987, 1, 56. Сумніўная генетычная сувязь з рум. (малд.) sul ’вясенні абрад провадаў (пахавання) зробленай з дэталяў ткацкага стана лялькі’ (< рум. sul ’вал ткацкага стана’), гл. Г. И. Кабакова. Этногенез, ранняя этническая история и культура славян. М., 1985, 54–55.

Су́ла ’рыба судак’ (калінк., Арх. ГУ), заўвага пра гандаль рыбай: “из Малороссіи разныя рыбы, особливо сула” (Меер Крыч.). Параўн. укр. сула́ ’судак, Lucioperca lucioperca L.’, рус. сула́ ’тс’, славац. šúl, šula ’тс’, серб.-харв. šulj ’тс’, балг. сула ’шчыпоўка’, сулка ’судак’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. каракалп. сыла ’тс’, магчыма, таксама праз пасрэдніцтва венг. süllö ’тс’, гл. Каламіец, Рыбы, 116; Фасмер, 3, 799; ЕСУМ, 5, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страла́1 ‘тонкі прут для стральбы з лука’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Янк. 2), ‘журавель, доўгае бервяно ў калодзежы’ (Некр., Жд. 2, Янк. 2), ‘саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), ‘пярун, маланка’ (ТС), ‘крэмневы завостраны цыліндрык’ (ТС, Маш.), ‘белемніт’, ‘выкапнёвая каменная сякерка’ (Машынскі, Atlas): перуно́вая стрэла́ ‘тс’ (Пятк. 2), ‘стрэлка ў гадзінніку’ (Сцяшк.), ‘бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе’ (ТСБМ), памянш. стрэ́лка (гл.). Параўн. укр. стріла́, рус. стрела́, стараж.-рус. стрѣла, польск. strzała, в.-луж. třěła ‘снарад’, н.-луж. stśěła ‘прамень’, чэш. střela ‘страла, маланка’, славац. strela ‘снарад’, серб.-харв. стријѐла, славен. stréla, балг. стрела́ ‘страла, маланка’, макед. стрела ‘страла’, ст.-слав. стрѣла ‘страла’, дыял. (салун.) strʼälá ‘гром’. Прасл. *strěla, дэрыват ад незасведчанага і.-е. дзеяслова (Шустар-Шэўц, 1368). Борысь (583) следам за Покарным (1028) мяркуе, што слова з’яўляецца вытворным ад і.-е. кораня *ster‑, які ў распасцерці (гл.). Роднасныя лат. stręlā ‘страла, кідальны снарад, паласа, струмень’, літ. strėlà ‘страла’, ст.-в.-ням. strâl(a) ‘страла, маланка’, ням. Strahl ‘прамень’, на падставе якіх Борысь (там жа) узнаўляе слав.-балта-герм. праформу *strē‑lā. Махэк₂ (586) лічыць усе гэтыя словы запазычаннем з “праеўрапейскага субстрата”. Гл. таксама Глухак, 589; Бязлай, 3, 326.

Страла́2 ‘страказа’ (лудз., Сл. ПЗБ), стрэ́лка ‘тс’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., смарг., паст., рас., даўг., Сл. ПЗБ). Да страла1, стрэлка2 (гл.). Назва па доўгім, выцягнутым брушку. Параўн. рус. дыял. стре́лка ‘тс’.

Страла́3 ‘карагод’ (Нар. Гом.). Ад назвы абрада “ваджэнне і пахаванне стралы”, відаць, да страла1 (гл.). Аб семантыцы абрада гл. Барташэвіч, Бел. фальк., 2, 563–565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)