Стаўпе́ц ‘брусок у граблях, куды ўстаўляюць зубы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Шатал., З нар. сл., Нар. сл., Мат. Гом.), ‘прыстасаванне (слупок) для трапання льну’ (Сл. ПЗБ, Шатал., Сцяцко Сл.), ‘слуп’, ‘дэталь у калаўроце’, ‘палена, кругляк’, ‘станок, на якім рабілі ніты’ (Сл. ПЗБ), ‘прылада, пры дапамозе якой вяжуць ніцяныя петлі’ (Жд. 1), стоўпе́ц (ТС), сто́ўпец (Мат. Гом.), ‘прылада для трапання льну’, стаўпцы́ ‘стойкі варот’ (З нар. сл.), стопэ́ць ‘слупок’ (Сл. Брэс.), стоўбцы́, стоўпци́ ‘ножкі мялкі, падстаўкі ў калаўроце’ (Уладз.). Дэрываты ад стоўб, стоўп (гл.) з суф. ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаўбе́ц, стаўпе́ц (стовбе́ц, стовпе́ц) ‘рыба ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Крыв.), стовпец ‘рыба ялец; рыба пячкур, Gobio gobio’ (на Прыпяці, Жук.), стаўбец ‘пячкур’ (Інстр. 2); з іншым суф. стаўбу́н ‘ялец’ (Янк. 1, 2). Дэрываты з суф. ‑ец ад стоўб, стоўп (гл.). Укр. стовбець, стовпець ‘пячкур; ялец’. Па сведчанні Сабанеева (2, 78 і наст.), пячкур называецца столбец, столбчик наогул па ўсёй паўднёвай Расіі; назва дадзена па брускаватай форме цела і па звычцы ў паўдзённую гарачыню стаяць нерухома каля камянёў і карчоў (гл. таксама Усачова, Слав. ихт. терм., 154); найменні першапачаткова адносіліся да пячкура, а потым перайшлі на яльца з прычыны некаторага падабенства і іх дробных памераў. Інакш ЕСУМ (5, 421), у якім мяркуюць аб змяненні і кантамінацыі назваў тыпу ўкр. ско́блик, ко́вблик, рус. колб, колбе́нь, якія былі набліжаны да стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стоўб1 ‘калона, слуп’ (Ласт., Байк. і Некр., Растарг., ПСл), ‘комін’, ‘пяро-насеннік у цыбулі’ (ПСл), сто́ўб і стоўп ‘слуп’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стоўп ‘тс’ (Арх. Федар., Янк. 3., Мат. Маг.), ‘стаяк коміна на гарышчы’ (ТС; астрав., Сл. ПЗБ), ‘слуп пад столь каля печы, на якім трымаўся «перасоў»’ (Варл., Сержп. Прымхі, ТС), ‘стос’ (Варл.; рагач., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цыбур (у морквы, капусты і інш.)’, ‘укладка дошак’, ‘шыя’, ‘слупападобны смерч’, ‘выцягнутая ўверх чырвань каля сонца’ (ТС): kali z abydwuch bakoŭ sonca parobiacsa stoŭpy (Пятк. 2), ‘сцірта, торп’, ‘складзеная ў гумне збажына’ (ТСБМ), ‘прыстаронак’ (воран., шальч., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.), ‘саха калодзежнага жураўля’, ‘кветаноснае сцябло (цыбулі, шчаўя)’ (бяроз., Шатал.), стоўпа́к, стовпа́к, стовпа́н ‘кветканоснае сцябло’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. стовб, стовп, рус. столб, столп ‘слуп’, стараж.-рус. стълбъ, стълпъ, польск. słup, в.-луж. stołp, н.-луж. słup, чэш. sloup, славац. stlp, серб.-харв. сту̏ба ‘лесвіца’, ступ ‘слуп’, славен. stólb, stólp, балг. стълб, стълп ‘слуп’, макед. столб, столп, ст.-слав. стлъпъ ‘вежа; стоўб, калона’. Прасл. *stъlbъ, *stъlpъ роднасныя літ. stũlbas, stũlpas ‘слуп’, лат. stul̂bs ‘голень, ікра; халява’, stùlps ‘слуп’; з іншай ступенню вакалізму: лат. stil̂bs ‘ніжняя частка рукі, нагі’, літ. stalbúotis ‘прыпыняцца’; далей, ст.-ісл. stolpi ‘слуп; калона’, ст.-нарв. stolpi ‘сцябло; вушак’, ст.-в.-ням. stelpōn ‘стаяць’ і інш. (гл. Міклашыч, 321; Траўтман, 290; Фрэнкель, 93; Покарны, 1020; Фасмер, 3, 765; Шустар-Шэўц, 1359–1360), якія працягваюць і.-е. корань *stel‑ ‘паставіць, сцябло’, з дэтэрмінантамі ‑b‑ і ‑p‑. Гл. яшчэ Бязлай, 3, 320; Сной₁, 610; Борысь, 560. Інакш Махэк₂ (558), які мяркуе аб складаных кантамінацыйных працэсах розных індаеўрапейскіх каранёў.

Стоўб2 ‘здвоены след зайца (у мове паляўнічых)’: заец завернуўса да тым следам назад — ето стоўб (ПСл). Да стоўб1 (з-за “тоўстага” следу на снезе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адзё́р1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼор ’від вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odrстоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калодзеж1 ’вузкая, глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі’, ’студня з калаўротам або асверам для чэрпання пітной вады’ (БРС, ТСБМ; рэч., Маш.; Нас.), калодзезь ’тс’ (БРС, ТСБМ, Бір., Шушк., Яруш.), калодзейзь ’тс’ (ДАБМ), калодзезь ’тс’ (Касп., Сержп., Сцяшк.), калодзец ’тс’ (Нік., Оч.?; лаг., тур., Яшк.), калодзёдзь ’тс’ (жытк., Яшк.), калодзіж ’тс’ (Бяльк.; сак., Федар.; Шат.; гор., Яруш.), калодзісь ’тс’ (Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяц.), калодзядзь ’тс’ (малар., Нар. лекс.), колодзяж ’тс’ (Маш.), калодзясь ’тс’ (чырв., ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Сцяшк.), далей, магчыма, колодзезь ’крыніца’, параўн. у Радчанкі, 111: «A в лузе, в лузе, красна калина, Под тою калинкою колодезь тече», таксама калодзеж ’крыніца на ўзвышшы ў выглядзе азярыны з мноствам пульсуючых струменяў, паверхня вады ў якой мае блакітны колер’, ’вельмі глыбокае прыроднае возера з цёмнай паверхняй вады’ (слаўг., Яшк.), ’невялікая мінеральная крыніца на высокім месцы’ (жытк., Яшк.), сюды ж і празрысты перанос колодзязь ’зруб хаты’ (жытк., Нар. сл.), калодзезь, калодзясь, колодэзь ’студня’ (Сл. паўн.-зах.), калодзісь ’укладка дроў квадратнай формы’ (кар.); калодзезь і колодзедзь ’студня’ і ’зруб’ (ТС). Аб размеркаванні лексем гл. яшчэ ДАБМ, к. 241, а таксама Камент., 806–807, дзе агляд канкрэтных форм. Укр. колодзязь ’студня’, бойк. колодʼац ’крыніца’, рус. колодец ’студня’, алан. колодез, курск. колодезь, смал., кур., разан., тамб. колодесь, калодезь ’зліццё многіх крыніц у адзін ручай, які ўпадае ў раку’, сарат., тульск., вяц., паўдн.-уральск. колодец ’крыніца’, арханг. колодцы ’крыніцы, якія зліваюцца разам і даюць пачатак рацэ’, арханг., маск., ’незарослы травой правал у балоце’, разан. ’зруб’. Дакладны адпаведнік таксама ст.-слав. кладѧзь, у слоўніках звычайна прыводзяць серб.-харв. кла̏денац ’калодзеж’ і ’крыніца’, макед. кладенец, балг. кладенец ’крыніца, студня’ а таксама славен. kladénec. Апошняе, паводле Безлая, 2, 35, новакніжнае з серб.-харв., а форма kladez, якая таксама згадваецца ў некаторых слоўніках, узнікла пад уплывам ст.-слав. лексемы. У серб.-харв. адзначана яшчэ форма хладенац ’студня’, а ў балг. гладенец і гладнец. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць слова ў заходніх славян (і фактычна ў славенцаў), што хутчэй за ўсё сведчыць аб даўняй дыялектнай асаблівасці (яшчэ праславянскага перыяду). Гэта назва студні ў слав. мовах аналізавалася ў шматлікай літаратуры. Гіпотэза аб запазычанні слова з герм. моў (з гоцкай) падтрымлівалася і падтрымліваецца шэрагам этымолагаў. Аргументацыя пабудавана галоўным чынам на словаўтваральным крытэрыі (суфікс у прасл. koldęzъ не з’яўляецца тыповым) і пашыранай у герм. мове і іншых мадэлі, паводле якой суадносяцца семемы ’калодзеж’ і ’холад’. Параўн. агляд літ-ры ў Фасмера, 2, 293. Аднак і «германская» крыніца не з’яўляецца бездакорнай. Так, Кіпарскі (Gemeinslav. 38) адзначаў, што ў германскай мове не знойдзена ніякіх слядоў мяркуемай праформы *kaldingaz, kaldingiz, параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 65–68. Па сутнасці, рэальныя факты (дац. kilde ’крыніца’ і нек. інш.) хутчэй з’яўляюцца магчымымі семантычнымі адпаведнікамі, а не словаўтваральнымі. Словаўтваральную варыятыўнасць слова (параўн. нашы прыклады) нельга вытлумачыць, зыходзячы толькі з адзначанай герм. праформы. Славянская этымалогія будуецца на празрыстай сувязі з kolda ’бервяно і да т. п.’ Пры гэтым, напрыклад, Буга (1, 582) спасылаецца на такую семантычную паралель, як літ. šulinỹs ’студня з жураўлём’ пры šùlasстоўп і да т. п.’ Аб сувязі з kolda меркавалі таксама Брукнер (ZfslPh, 6, 65), Кіпарскі (ВЯ, 1956, 5, 134 і ў іншых працах), Скок (2, 87). Разам з тым нельга не адзначыць, што ў любым выпадку неабходна лічыцца з існаваннем іншай семантычнай мадэлі для назвы студні. Тут і верагодныя герм. назвы з семантыкай «холаду», літ. šaltìnis ’крыніца’ пры šàltas ’халодны’, магчыма, серб.-харв. хладенац (паводле Скока, 2, 87), балг. студенец, польск. studnia, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studně, славац. studňa. Адносна апошніх можна дабавіць яшчэ і рус. студенец, укр. студениця. Ёсць усе падставы лічыць іх, па-першае, праславянскімі, а па-другое, больш даўнімі ў параўнанні з koldęzь.

Калодзеж2, калодзеш ’ямачка каля пупавіны, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (рас., Шатал.). Рус. дыял. колодези ’ямка над рэбрамі, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (у Бурнашова без геаграфіі), паўдн.-урал. колодцы ’малочныя пратокі ў вымі каровы’: «Как‑то выбирают её по колодцам. Как палец‑то лезет в этот колодец, то молоко хорошее» (СРНГ, 14, 156). Фармальная сувязь з калодзеж1 і матывацыя назвы празрыстая. Што датычыць геаграфічнага і храналагічнага статусу лексемы, вызначыць яго не вельмі лёгка. Нельга выключыць таго, што адзначаныя факты — толькі рэшткі ўсх.-слав. (а магчыма, паводле геаграфіі рускага?) даўняга ўяўлення і адпаведнай лексемы. Іншы варыянт — лакальная інавацыя, пры гэтым, улічваючы відавочную розніцу ў словаўтварэнні і семантыку прыведзеных лексем, нельга выключыць і такую думку, што гэта наогул незалежныя ўтварэнні, прычым як на базе калодзеж ’студня’ (параўн. асабліва калодзеж у тэхнічных значэннях), так і на базе ’яма з вадой, паглыбленне і да т. п.’ Параўн. рус. дыял. колодезь, колодесь ’ямка для масла ў кашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)