смарка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа смаркачы. Малыя, галапузыя, брудныя, смаркатыя дзеці наперабой крычалі есці. Арабей. // Запэцканы смаркачамі. Малыя з чырвонымі смаркатымі насамі ляпілі бабу. Сачанка.

2. перан. Зневаж. Малы, малады; нязначны, няўмелы. [Тарас Тарасавіч:] — Разганю я вашу к[а]мпанію, жаніхі смаркатыя. Асіпенка. — Ах ты, выпаўзень смаркаты, — як бы і не злосна загаварыў Асцюк, — красці вучышся? Марціновіч. / у знач. наз. смарка́ты, ‑ага, м. — Ідзі, ідзі, смаркаты! — махнула вёдрамі Касмініха. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разабраць.

2. што і чаго. Разм. Выбіраць, адбіраць, уважліва разглядаючы, углядаючыся. Не разбіраючы сцежкі,.. пабеглі.. [людзі] цераз балота да лесу. Чорны.

3. Разм. Тое, што і разбірацца (у 3 знач.). [Сцяпан:] — Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш. Валасы доўгія, а розум кароткі. Купала. — Дурніца яшчэ [Зоська]: не разбірае нічога... Павер, — няйначай к табе вернецца, — пачакай адно... Гартны. — Эх вы, смаркачы. Нічога вы не разбіраеце. Вам толькі табліцу грызці: два ў два — чатыры. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смо́ргаць ‘шморгаць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘абрываць са сцябла галоўкі ільну’ (Сцяшк.), ‘рваць лён; часаць лён на грэбень; шморгаць носам’ (Жд. 2), ‘часаць лён’ (Шатал., Нар. сл.), ‘часаць лён на грэбень’ (Касп.), ‘церабіць лён’, ‘рваць’, ‘шараваць’, ‘шморгаць (носам)’ (Сл. ПЗБ), смо́ргацца ‘прадзірацца ад носкі, трэння’ (Байк. і Некр.), смарге́ль — аддзеяслоўная часціца (Нас.), смэ́ргацца ‘смаркацца’ (Нар. словатв.). Няма падстаў разглядаць як балтызм, параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 72. Генетычна суадносіцца з укр. шмо́ргати ‘тузаць, торгаць’, рус. сморка́ться ‘ачышчаць нос’, польск. smarkać ‘тс’, чэш. smrkati ‘тс’, балг. смъркам ‘уцягваць паветра’ і інш., роднасным лат. smur̃gât ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùr̃gasсмаркачы’ і пад. (Анікін, Опыт, 283). Гл. шморгаць. Сюды ж смаржо́к ‘вузел (на нітцы)’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́плі, со́пля ‘слізь, выдзяленні з носа; смаркачы’ (ТСБМ), со́пель ‘тс’ (Шат.), со́плі ‘соплі’, ‘ледзяшы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘ледзяшы’ (Сцяшк.), сопе́ль ‘лядзяш’, ‘ёрш’ (ТС), со́пэль, су́пель ‘лядзяш’ (івац., Нар. сл.; ЛА, 2), сапе́ль ‘сопля, лядзяш’ (Нас.). Укр. со́піль, Р. скл. — сопля ‘сопля; лядзяш’, рус. со́пля, стараж.-рус. сопль ‘тс’, польск. sopel ‘сопля; лядзяш’, чэш. sopel, славац. sopeľ, серб.-харв. sopalj ‘нарасць пад дзюбай індыка’, дыял. сопу̀ль ‘сліна’, балг. сопо́л ‘сопля’. Паводле Борыся (567), прасл. *sopъlь, *sopolь дэрыват ад прасл. sopti (гл. сапці) з суф. ‑ъlь, аднак Слаўскі (SP, 1, 111) дэрывацыйную аснову лічыць тут няяснай. Сюды ж адносяць ст.-ісл. safi ‘сок дрэва’, лац. sapa ‘сіроп з вінаграднага сусла’, арм. ham (sapmo‑) ‘сок’, авест. vī‑šāpa‑ ‘той (або тое), што мае атрутныя сокі’. Гл. яшчэ Махэк₂, 567; Фасмер, 3, 719; Скок, 3, 306; ЕСУМ, 5, 355. Меркаванне Астроўскага (ABSl, 29, 151) пра развіццё другаснага значэння ‘лядзяш’ пад польскім уплывам цяжка абгрунтаваць, параўн. балг. со́пови ‘ледзяшы на стрэсе’ (Гераў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)