се́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Секцыя крытыкі. Шахматная секцыя. □ Увесь атрад разбіўся на навуковыя секцыі: гістарычную, геаграфічную, прыродазнаўчую, літаратурную і мастацкую. Шыловіч. // Частка гандлёвага памяшкання, дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Секцыя абутку. // Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады і пад., занятых абмеркаваннем адных і тых жа пытанняў. Работа канферэнцыі па секцыях.

2. Частка збудавання, канструкцыі, якая складаецца з некалькіх дэталей. Секцыя трубаправода. □ Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Мележ.

[Ад лац. sectio — разразанне, раздзяленне.]

се́кцыя 2, ‑і, ж.

Спец. Анатаміраванне, рассячэнне. Секцыя вены.

[Лац. sectio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.

1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.

2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.

3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.

4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)