мана́рхія, ‑і, ж.

Форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць адной асобе — манарху, а таксама дзяржава з такой формай кіравання. Абмежаваная манархія. Неабмежаваная манархія.

•••

Абсалютная манархія — манархія, у якой уся ўлада належыць толькі манарху.

Канстытуцыйная манархія — форма дзяржаўнага ладу, пры якім улада манарха абмежавана канстытуцыяй.

Саслоўная манархія — форма феадальнай дзяржавы, пры якой каралеўская ўлада апіралася на органы прадстаўніцтва дваран, духавенства і гараджан.

[Ад грэч. monarchia — адзінаўладства.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зва́нне, ‑я, н.

1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае кваліфікацыю ў галіне якой‑н. дзейнасці або службовае становішча. Воінскае званне. Званне інжынера. Званне ўрача. Вучонае званне. □ Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Шамякін. // Ганаровае найменне, якое прысвойваецца за якія‑н. заслугі і з’яўляецца адным з відаў узнагароды. Званне Героя Сацыялістычнай Працы. Званне заслужанага настаўніка. // Найменне, якое ўказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Змагацца за званне брыгады камуністычнай працы.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — саслоўная прыналежнасць, саслоўны стан. Мяшчанскае званне. Духоўнае званне. // Уст. Тытул. Графскае званне.

3. Разм. Прозвішча, імя, мянушка. — Празвалі людзі Здрокам, і, напэўна, памрэш з гэтым казяўчыным званнем. Кандрусевіч.

•••

Адно званне — пра тое, што, захаваўшы сваё найменне, страціла асноўныя якасці, вартасці.

Ані звання каго-чаго — зусім не існуе, і ў паміне няма. — Але наконт прыватнаўласніцкага перажытку я вам магу сказаць пэўна: у мяне яго няма ані звання. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)