самату́жніцтва, ‑а, н.

1. Занятак саматужніка, саматужны промысел. [Марцін:] Пры панскім рэжыме я не мог стаць раўнапраўным членам рабочага класа. Што ж, беспрацоўе... Вось і прыходзілася зямлю араць і розным саматужніцтвам займацца. Чарнышэвіч.

2. перан. Работа, якая вядзецца адасоблена, неарганізавана, прымітыўна. Наш галоўны недахоп, на знішчэнне якога мы павінны накіраваць усе свае сілы, гэта — вузкі «саматужны» характар мясцовай работы. У сілу гэтага саматужніцтва, маса праяўленняў рабочага руху ў Расіі застаюцца чыста мясцовымі падзеямі. Ленін. // Вузкае, прымітыўнае разуменне чаго‑н. «Барацьба за высокае майстэрства, супраць элементаў саматужніцтва, меладраматызму..» — гэты дэвіз, што бытуе ў тэатры, павінен стаць для яго пуцяводнай зоркай. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Така́рня ’такарная майстэрня’ (ТСБМ), ’саматужны такарны станок для апрацоўкі дрэва’ (Скарбы), ’прымітыўны такарны станок для вырабу калаўротаў’ (гродз., Нар. сл.), ’станок, на якім точаць калодкі для колаў’ (Жд. 2). Укр. тока́рня ’майстэрня токара; такарны станок’, дыял. ’станок для абточкі калодак для колаў’, рус. тока́рня, тока́рная ’такарная майстэрня’, польск. tokarnia ’такарная майстэрня’ (Варш. сл.). Да токар (гл.); у першым значэнні, магчыма, запазычана з польскай мовы, дзе ў значэнні ’такарны станок’ ужываецца tokarka. Параўн. сячкарня, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самапа́сам, прысл.

Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

друк 1, ‑у, м.

1. Працэс вырабу друкаванай прадукцыі; друкаванне. Падрыхтаваць да друку рукапіс. Цэх каляровага друку. Кніга выйшла з друку. □ Міхась лічыцца сёння, на трэцяй змене, адказным за якасць друку. Брыль.

2. Друкаваныя літары, друкаваны тэкст; знешні выгляд, памер друкаванага тэксту. Уборысты друк. □ Адразу кідаецца ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

3. Галіна вытворчасці, якая вырабляе друкаваную прадукцыю; выдавецкая і друкарская справа. Работнікі друку. Органы друку.

4. Тое, што надрукавана, сукупнасць надрукаваных твораў. Перыядычны друк. Насценны друк. □ Пра Анатоля Аніхімоўскага яшчэ ніхто не пісаў, яго партрэта ніколі не было ў друку. Асіпенка. «А дні ідуць» — кніга, высока ацэненая друкам і па заслугах прынятая чытачом. Лужанін.

•••

Памылка друку гл. памылка.

[Ням. Druck.]

друк 2, ‑а, м.

Разм. Сукаватая палка; тоўсты кій. Агародамі, нацянькі, беглі да нас, на расцяробы, мужчыны з друкамі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)