слу́жба, -ы, мн. -ы, -аў, ж.

1. гл. служыць.

2. адз. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй.

Ісці на службу.

3. адз. Выкананне воінскіх абавязкаў.

С. ў радах арміі.

4. чаго або якая. Якая-н. спецыяльная галіна вытворчасці, а таксама арганізацыя, якія займаюцца спецыяльным участкам работы.

Медыцынская с.

С. сувязі.

С. надвор’я.

5. У веруючых: правядзенне набажэнства.

У кафедральным саборы закончылася с.

Не па службе, а па дружбе (разм.) — просьба зрабіць што-н. не па службовым абавязку, а па-сяброўску.

|| прым. службо́вы, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

С. абавязак.

Службовае памяшканне.

С. ўваход (для служачых).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне паводле дзеясл. прыходзіць — прыйсці (у 1–4 знач.).

прыхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Паступленне грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей, якое адзначаецца ў бухгалтарскіх кнігах. Прыход перавышае расход. // Графа бухгалтарскай кнігі, у якой запісваецца паступленне грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей.

прыхо́д 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Ніжэйшая царкоўная арганізацыя ў хрысціянскай царкве; мясцовасць, дзе жывуць члены гэтай арганізацыі. Царкоўны прыход. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаро́жнік 1, ‑а, м.

1. Чалавек, які падарожнічае, вандруе; вандроўнік. Шматлікія гарадскія ратушы, саборы, храмы, палацы вабяць падарожніка. Сачанка. Дапытлівых і смелых вабяць і клічуць дарогі! Адных чакаюць нязведаныя сцежкі падарожнікаў і даследчыкаў, другіх — паветраныя прасторы, трэціх — марскія шляхі. Шыловіч.

2. Той, хто знаходзіцца ў дарозе. Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прастачок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі. Якімовіч. Хімка навучала сына Адася.., каб добра пільнаваў хату, — бо .. яны жылі канцавымі і шмат заходзіла падарожнікаў. Гурскі.

падаро́жнік 2, ‑у, м.

Тое, што і трыпутнік. Дарогі той нідзе не было.., было звычайнае поле, якое зарасло скрозь лапушыстым падарожнікам, рамонкам, сівым купчастыя палыном... Сачанка. Двор увесь зарос падарожнікам, густым, цёмным. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́віць, праўлю, правіш, правіць; незак.

1. кім-чым і без дап. Маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць кім‑, чым‑н. Ды і паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! Мележ. // Накіроўваць чыю‑н. дзейнасць; кіраваць чым‑н. Дарогі! Якія б вы Радасныя тут былі, Калі б не пралеглі праз джунглі, Дзе ўсім правіць бізнес. Танк.

2. кім-чым і без дап. Накіроўваць каго‑, што‑н. у адпаведным (патрэбным) напрамку; кіраваць. Кузьма сядзеў у перадку і правіў коньмі. Сачанка. Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі правіў вяслом. Капусцін.

3. што і без дап. Служыць, адпраўляць. Правіць малебен. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

4. што. Спраўляць, праводзіць. Чутно вясны дыханне ўсюды: На сініх далях, на лясах, На дрэвах, што вартуюць шлях, Дзе струны-дроты правяць цуды. Колас. Грамада вясёлых камсамольцаў правіць свой бурлівы карнавал. Дудар.

5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль.

6. што. Выпраўляць памылкі ў чым‑н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч.

7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.

•••

Сваё права правіць — настойваць на сваім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)