узбі́ць, узаб’ю, узаб’еш, узаб’е; узаб’ём, узаб’яце; заг. узбі; зак., што.

1. Набіць што‑н. на паверхню чаго‑н.; пасадзіць, накалоць на што‑н. вострае. Узбіць абруч на бочку. Узбіць вілкі на вожаг. □ Таня выпіла разам з усімі, сціпла выцерла губы кончыкам хусткі, а потым узбіла на відэлец кавалак селядца і скрылёк цыбулі і .. пачала есці. Новікаў.

2. Разм. Надзець, насунуць на што‑н. зверху. Узбіць акуляры на нос. Узбіць шапку на патыліцу.

3. Разм. З цяжкасцю надзець што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узбіў паліто на плечы.

4. Ударамі ўзрыхліць, зрабіць больш мяккім, пышным. Узбіць зямлю капытамі. Узбіць падушкі. Узбіць прычоску. □ Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, паклаў чамаданы. Колас. Цвёрды грунт узбілі ломам. Кляўко. // Ударамі ўзняць у паветра. Неўзабаве першыя халодныя кроплі дажджу цяжка ўпалі на зямлю і ўзбілі на дарозе пыл. Дайліда. // Успеніць што‑н. Узбіць мыльную пену.

5. Разм. Разбіць яйцо на скавараду, патэльню.

6. Разм. Паставіць, палажыць, павесіць што‑н. на вельмі высокае, нязручнае месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыло́, а́; мн. кры́лы (з ліч. 2, 3, 4 крылы́), крыл і кры́лаў; н.

1. Орган у птушак, насякомых і некаторых млекакормячых, які служыць для лятання. Нізка над галовамі пралятае варона, ляніва махае крыламі. Асіпенка. А там, дзе буслікі ўздужалі, Іх пачынаюць вабіць далі; Яны пачулі ў сабе сілы, Яны разводзяць ужо крылы, ўгару на локаць падлятаюць, Паветра ловяць, разграбаюць. Колас.

2. Плоская паверхня самалёта, якая падтрымлівае яго ў паветры. [Дождж] барабаніў па фюзеляжы, па крылах самалёта. Шамякін.

3. Лопасць ветранога млына або параходнага вінта. Паўднёвы вецер рухава ганяў крылы ветрака, лапатаў ветразямі. М. Ткачоў.

4. Покрыўка над колам аўтамабіля, веласіпеда і пад. для засцярогі ад пырскаў вады і гразі. Аднастайна парыпвала машына, злёгку засталася па выбоінах, манатонна пастуквалі каменьчыкі па крыле, шархацелі па ім пясчынкі, дарожная жарства. Лынькоў.

5. У невадзе — кожная з дзвюх бакавых частак сеткі, якія знаходзяцца з абодвух бакоў куля.

6. Бакавы корпус або бакавая частка пабудовы. У левым крыле будынка — фінансавы аддзел, бухгалтэрыя. Навуменка.

7. Правая або левая частка строю, баявога парадку войска; фланг. Прыйшлося некалькі разоў кінуцца ў атаку і адбіць пяхоту, якая загінала з правага крыла. Маўр.

8. Крайняя (левая або правая) групоўка якой‑н. палітычнай арганізацыі, буржуазнай партыі. Левае крыло англійскай лейбарысцкай партыі.

•••

Апусціць крылы гл. апусціць.

Пад крылом у каго — пад чыёй‑н. апекай (жыць, знаходзіцца і пад.).

Падрэзаць крылы гл. падрэзаць.

Схаваць пад крыло гл. схаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)