Стырно́ ‘руль’ (ТСБМ, Ласт., Стан.), стыр ‘штыр, рулявое вясло’, ‘жэрдка, калок’ (ваўк., лудз., Сл. ПЗБ), стырнавы́, сты́рнік ‘галоўны плытнік, які кіруе плытом’ (ТСБМ), сты́рнік, стэ́рнік ‘тс’ (Сл. ПЗБ), стырнава́ць ‘кіраваць стырном’ (там жа), стыраваць ‘тс’ (Ласт.). Укр. стерно́, рус. паўд. стерно́, ст.-рус. стрънъ (XV ст.). Праз польск. ster ‘руль’ узыходзіць да с.-ням. stiure ‘тс’; гл. Фасмер, 3, 759; Праабражэнскі, 2, 385; Міклашыч, 322; ЕСУМ, 5, 413.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абара́нак, ‑нка, м.

1. Булачны выраб з заварнога цеста, закручанага кольцам. І любяць дзеда Юрку ўнукі, Яны цалуюць яму рукі, А дзед у плечы іх цалуе І абаранкам патрактуе. Колас.

2. Рулявое кола ў аўтамабілі, трактары і пад. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў.

3. у знач. прысл. абара́нкам. У форме, у выглядзе кольца. Скруціцца абаранкам.

•••

Дзірка ад абаранка гл. дзірка.

Зарабіў на абаранкі гл. зарабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Карма́1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́марулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrmaрулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма2 і карма3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́ла, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Вобад (суцэльны або са спіцамі), які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад. або механізмаў).

К. да тачкі.

Рулявое к.

Махавое к.

2. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца.

К. каўбасы.

3. перан. Пералік, аб’ём чаго-н.

К. вобразаў у рамане.

К. нявырашаных пытанняў.

4. перан., чаго. Галіна, сфера якой-н. дзейнасці.

К. дзейнасці.

К. агульных інтарэсаў.

5. перан., каго. Група людзей, аб’яднаных чым-н. агульным.

К. гледачоў тэатра.

К. сяброў.

6. звычайна мн., перан., каго або якія. Грамадскія, прафесійныя групоўкі людзей.

Колы беларускай інтэлігенцыі.

Навуковыя колы.

Ні ў кола ні ў мяла (разм., неадабр.) — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Пятае кола ў возе — пра што-н. лішняе, зусім непатрэбнае.

|| памянш. ко́лца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. ко́лавы, -ая, -ае.

К. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ко́ла, ‑а, н.

1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ.

2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі. Асіпенка.

3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле. Скрыпка. Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла. Адамчык.

4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

5. перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу. Бярозкін.

6. перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.

7. перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася. Лынькоў.

8. звычайна мн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.

9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола. «Беларусь». // Фігура ў танцы.

•••

Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.

Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.

Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)