градзі́рня, ‑і, ж.

1. Спецыяльнае збудаванне для згушчэння саляных раствораў выпарэннем вады.

2. Халадзільнік у выглядзе вежы для ахаладжэння гарачай вады. Ля новага будынка электрастанцыі дабудоўвалі градзірню для ахаладжэння адпрацаванай вады. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэмента́цыя, -і, ж. (спец.).

1. Спосаб умацавання грунтоў, бетонных кладак і пад. шляхам увядзення ў іх пад ціскам вадкага цэментнага раствору.

Ц. скважын.

2. Працэс здабывання з раствораў золата, серабра, медзі іх выцясненнем (як больш электрададатных) менш высакароднымі металамі (менш электрададатнымі).

3. Насычэнне паверхні малавугляроднай сталі вугляродам пры высокай тэмпературы з мэтай стварэння цвёрдага паверхневага слоя.

4. Геалагічны працэс счаплення састаўных частак горнай пароды растворанымі мінеральнымі рэчывамі.

|| прым. цэментацы́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чарапі́ца, ‑ы, ж.

1. зб. Дахавы матэрыял з абпаленай гліны або з цэментава-пясчаных раствораў у выглядзе пласцінак з пазамі або плітак. Домікі былі ўсе на адзін манер — вастраверхія, крытыя чырвонай чарапіцай. Навуменка.

2. Асобная такая пласцінка або плітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гідрапо́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Вырошчванне раслін на штучных заменніках глебы з выкарыстаннем водных раствораў пажыўных рэчываў. Паглядзелі госці сваімі вачамі на гідрапоніку, гэта значыць на вырошчванне гародніны без глебы, з дапамогаю розных хімічных рэчываў, разведзеных у вадзе. Дубоўка.

[Ад грэч. hýdōr — вада і pónos — работа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэмента́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Спосаб умацавання грунтаў, бетонных кладак і пад. увядзеннем у іх пад ціскам вадкага цэментнага раствору. Цэментацыя шчылін у грунце.

2. Насычэнне паверхневых слаёў сталі вугляродам для павелічэння іх цвёрдасці.

3. Працэс здабывання металаў з раствораў хімічным аднаўленнем больш электраадмоўнымі металамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэме́нт, ‑у, М ‑нце, м.

1. Мінеральнае парашкападобнае рэчыва, здольнае ўтвараць з вадой аднародную масу, якая з цягам часу ператвараецца ў каменепадобнае цела; ужываецца ў вытворчасці бетону і будаўнічых раствораў. Назаўтра, ні свет ні зара, прыбыла баржа са шлакам, цэментам, цвікамі. Мыслівец.

2. Касцявая тканка, якая пакрывае корань і шыйку зуба.

3. перан. Разм. Тое, што злучае, аб’ядноўвае каго‑, што‑н. [Шаманскі] глядзеў на закураных пылам, абсыпаных кастрою жанчын і думаў, што трэба заваяваць іх давер’е, той цэмент, без якога нельга ўмацаваць, з’яднаць калектыў. Дуброўскі.

[Ад лац. caementum — друз.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тынк, ‑у, м.

Аддзелачны раствор з сумесі вяжучых рэчываў (вапны, цэменту, гліны, пяску, вады і пад.), які наносяць на паверхню будынкаў, унутраных сцен памяшканняў і пад. Пытаюся ў будаўнікоў: — Мо’ прымеце ўжо навасёлаў? — Рыхтуем пірагі для вас, А вы не падаяце вестак, — Дзяўчына кажа мне ў адказ І тынк замешвае, як цеста. Аўрамчык. // Цвёрды слой такога раствору на паверхні будынкаў, на ўнутраных сценах. Тынк у розных мясцінах быў абабіты, з-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас. Тынк на сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Чорны. Падлога страсянулася, са столі і сцен пасыпаўся тынк. Мележ.

•••

Сухі тынк — будаўнічы матэрыял у выглядзе вялікіх тонкіх лістоў, які выкарыстоўваецца замест раствораў для аддзелкі памяшкання з сярэдзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матэрыя́л, ‑у, м.

1. Прадмет, рэчыва, сыравіна, з якіх будуецца, вырабляецца што‑н. Будаўнічы матэрыял. □ Лесапілка так забіта матэрыялам, што нават невядома, калі тыя дошкі будуць напілаваны. Васілевіч.

2. Розныя звесткі, крыніцы, якія служаць асновай для чаго‑н., доказам чаго‑н. Гістарычны матэрыял для рамана. □ У архіве [Багушэвіча] вялікае месца займаюць матэрыялы па беларускаму фальклору, сабраныя самім паэтам. Ларчанка. Мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі. В. Вольскі. Дзяўчына разгортвала газету і чытала найбольш цікавыя матэрыялы, расказвала аб важных падзеях, што адбываюцца ў свеце. Шчарбатаў. // звычайна мн. (матэрыя́лы, ‑аў). Збор звестак, дакументаў па якому‑н. пытанню. Матэрыялы XXV з’езда КПСС. □ Дзікавіцкі дастаў з шуфляды папку з матэрыяламі і падаў яе Шаманскаму. Дуброўскі.

3. Тканіна, матэрыя. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе. В. Вольскі.

•••

Інертныя матэрыялы — рэчывы (пясок, гравій, шчэбень і інш.), якія ўваходзяць у склад будаўнічых раствораў, бетонаў і пад. у якасці запаўніцеляў.

Супраціўленне матэрыялаў гл. супраціўленне.

[Ад лац. materialis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус. назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр. назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед. назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрце ’страўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед. zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг. назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв. наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл. *zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл. *zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зоља ’мушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус. назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж. zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен. zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел. зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць1, зяліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)