Тру́сіць1 ‘дрыжаць ад страху, хвалявання’, ‘баяцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Жд. 1): тру́сіць трасца ‘трасца трасе’ (лун., стол., калінк., добр., лельч., ЛА, 3), трусі́ць ‘калаціць, трэсці ад тэмпературы’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘калаціць, аббіваць, абтрасаць’ (Ян., Мат. Гом.; петрык., Шатал., Пятк. 2), ст.-бел. трусити ‘тузаць, штурхаць; хутка рухаць уверх і ўніз, туды і назад’ (ГСБМ). Сюды ж тру́скі ‘дрогкі, няроўны, трасучы’ (Байк. і Некр., Растарг., Сцяшк. Сл.), тру́скій ‘тс’ (Янк. 3.; брагін., Шатал.), трускі́й ‘выбіты (пра дарогу)’ (Мат. Маг.), тру́ска ‘дрогка, трасучыся’ (Нас., Янк. 3., Ян.). Параўн. укр. труси́ти ‘калаціць, трэсці’, труси́тися ‘трэсціся, дрыжаць’, рус. труси́ть ‘трэсці’, труси́ться ‘трэсціся, баяцца’, н.-луж. tšusyś ‘трэсці’. Да прасл. *trǫsiti, якое з’яўляецца каўзатывам да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 102; Чарных, 2, 268; Махэк₂, 653; ЕСУМ, 5, 658), якому адпавядае лат. traušâtiês ‘баяцца’, што да і.-е. *tres‑ ‘трэсціся (са страху)’, гл. Бязлай, 4, 221; ESJSt, 16, 983. Сюды ж: трусі́ць чало на верацяно ‘трэсці чало (=кужаль) — для кудзелі’ (петрык., Шатал.), трусі́ць ‘трэсці, шукаючы што-небудзь’ (петрык., Шатал.; ТС), трусі́ць ко́міна ‘ачышчаць яго ад сажы’ (ТС, Мат. Гом.), трусі́ць рыбу ‘выбіраць рыбу з сеткі’ (калінк., Арх. ГУ), трусі́ць жолу́д ‘збіваць жалуды на корм’ (ТС).

Тру́сіць2 ‘рассыпаць, патроху сыпаць тонкім слоем’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Федар. 7, Гарэц.), ‘імжаць’ (Бяльк.) трусі́ць ‘церусіць’ (карэліц., Нар. сл.), ‘сыпаць, церушыць’, ‘крапаць’, ‘пасыпаць соллю’ (Шымк. Собр., Сцяцк. Сл.; зэльв., Нар. словатв.), трусі́цца ‘растрасацца, рассыпацца (пра сена)’ (Бяльк:, Байк. і Некр.), ‘церушыцца, растрасацца’, ‘падаць маленькімі кроплямі, ісці паціху (пра дождж)’ (ТСБМ, Бяльк.; зэльв., Нар. словатв., Сцяшк. Сл.; іўеў., ЛА, 2), ‘сыпацца, натрасацца’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ‘сыпацца патроху’ (Нас.). Параўн. укр. труси́тирассяваць’, рус. труси́ть ‘сыпаць’, в.-луж. trusyć ‘пасыпаць, рассыпаць, рассяваць’, чэш. trousiti ‘рассыпаць’, славац. trúsiť ‘сыпаць, рассыпаць’, славен. trósiti ‘рассыпаць, раскідваць’, балг. дыял. тръ́са ‘растрасаць, раскідваць віламі салому пры малацьбе’. Прасл. *trǫsiti — форма ітэратыва да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 110; Махэк₂, 653; Бязлай, 4, 233; ЕСУМ, 5, 658). Шустар-Шэўц (1539–1540) узводзіць сучасныя славянскія формы да прасл. *trǫs(k)‑/*trus(k)‑, параўн. трушыць, трухнуць, гл.

Трусі́ць3 ‘разбіваць, раскідваць гной’ (беласт., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, да трусіць1 ‘калаціць’, параўн., аднак, літ. trę̃šti ‘ўгнойваць’, што звязана з trèsti ‘гніць’ (Смачынскі, 688). Магчыма, балтызм пры другаснай ад’ідэацыі трусі́ць2 ‘расцярушваць, растрасаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе, прысл.

1. пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед. Лынькоў. Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў? Астапенка. // У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Купала. — Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп. Шыцік.

2. месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць. Брыль. — Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе! Бядуля. [Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле. Бялевіч. // (звычайна з часціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Якімовіч.

3. неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач. Шахавец.

4. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны. Чорны. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас. Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь. Грамовіч. / Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка. Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі. Колас. Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі. Колас. Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека. Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні. Брыль. Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца. Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка. Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў. Купала. — Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю. Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам. Прымаўка.

5. у знач. часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Лынькоў. // (у спалучэнні з прыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч. — Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў... М. Ткачоў. Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Чарнышэвіч.

•••

Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (з адмоўем пры дзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!

Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.

Дзе наша не прападала гл. прападаць.

Дзе папала гл. папасці.

Дзе (толькі) ногі ўзяліся гл. ногі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)