Пе́чань, печэня, часта ў мн. л.: печане́, пе́чані, пе́чэні ’печань’ (ТСБМ, КЭС, Касп., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ), пе́чэнне ’пячонкі’ (Растарг.). Укр. пече́ня ’смажаніна’, ст.-польск. pieczenia, а з XVIII — pieczeń ’тс’, славац. pečeň, ’пячонка’, pečeňa ’смажаніна’. Прасл. *pečenь ’печанае, смажанае мяса’ (Слаўскі, SP, К 128), з якога пазней развілося ’смажаная печань’ > ’печань’ (Махэк₂, 441; Брукнер, 406; Фасмер, 3, 255–256). Да пячы́ (гл.). Сюды ж: пячэ́ня, пэче́ня ’смажаніна’ (мін., Дзмітр.: Шпіл.; Бес.; Нас.), пічанёўка ’кілбаса, начыненая фаршам з унутранасцей’ (полац., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́тра1 ’кіслая мучная страва, саладуха’ (ТСБМ, Яруш.; в.-дзв., паст., брасл., віл., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв.; полац., Нар. сл.; Янук.; Нік. Очерки; Касп., Бяльк., ТС), ’цура’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’нясмачная, няякасная страва’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’страва з прасеянай жытняй мукі, заквашаная і запраўленая расцёртымі ягадамі’ (Малч.), ’усё, што робіць ежу крухмалістай’ (“как бы пудрит”) (Шн., 3), ’рэдкая гразь, балота’, ’раска на вадзе, якую ядуць качкі’ (гродз., ABSl, 9, 118), н. р. пу́тро ’саладуха’ (ТС), сюды ж путра́ны ’саладушны, зроблены з путры’ (Касп.), путря́нъй ’густы’ (гарад.; Нар. лекс.), параўн. укр. пу́тря ’страва з варанага ячменю і салодкага квасу’, рус. пу́тра, пу́тря, путро́ ’пойла з мукой; пшонная каша з маслам’. Запазычанне, у якасці крыніцы часцей за ўсё называецца літ. putrà ’рэдкая каша; поліўка; пойла’, лац. putra ’тс’ (Блесэ, SB, 5, 17–18, з літ-рай; Фасмер, 3, 413; гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 21, з літ-рай); бел. путра (“родъ худаго супа”) збліжаў з эст. pudder, puddro ’каша’ яшчэ Шымкевіч (Шымк. Собр.), параўн. таксама фін. puuro ’страва з мукі’, крыніцай запазычання якіх лічацца балтыйскія словы, што выводзяцца ад pùsti ’ўздувацца, набухаць’ (Фрэнкель, 681). Паводле Непакупнага (ABSl, 9, 118), гэта матывацыя пацвярджаецца ў адносінах да геаграфічных тэрмінаў, параўн. палес. зду́ховіна ’дрыгва’; Тапароў зыходным для гідронімаў з элементам put‑r‑ лічыць значэнне ’нешта разлезлае, няўстойлівае, нізкаякаснае’ і адносіць сюды літ. pùtryti, putróti ’чмякаць’, pùtarnoti ’плявузгаць’, лат. putrât, putruôt ’тс’, а таксама рус. пу́трить ’лаять’ (“что-то вроде ’разнести в пух и прах’, ’стереть в порошок’, ’размазать’”), што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑r *pou̯‑, *pū̆‑ з элементам ‑r‑ і семантыкай ’успухаць, раздавацца, разрэджвацца’ і ’гніць, раскладацца’ (Балто-слав. иссл., 1988–1996, 277). Параўн., аднак, заўвагу Віцьбіча: “Путра — усяго толькі нацыянальная латышская зацірка, якую часта можна спаткаць на стале латышскіх беднякоў” (Полымя, 1998, 3, 258), а таксама гродз. пу́тра (Цых.), по́тра (Скарбы) ’пацяруха’: перацерлі мышы зерне ў кублі, адна путра, што дазваляе хаця б для часткі слоў дапусціць сувязь з церці, тру (гл.).

Пу́тра2 ’лёгкія’ (мазыр., Шатал.). Няясна; магчыма, звязана з *ǫtrь ’унутранасці’, параўн. нутро́ ’сярэдзіна, вантробы’ (гл.), вагку́шапячонка’, лёгку́ша ’лёгкія’.

Пу́тра3 ’пацяруха’ (Цых.). Гл. по́тра ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)