чыстакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Чыстай, не змешанай пароды (пра жывёл). — Гэта не трус, а трусіха, — нахмурыўшыся, адрэзаў Дапік. — І прытым не абы-якая трусіха, а чыстакроўная «белы велікан». Краўчанка.

2. Разм. Сапраўдны, праўдзівы. Гэта — чыстакроўная арыстакратка, і нізавошта мяне не прызнала б за чалавека, калі б я стаў нават мільянерам! Карпюк. [Драздовіч:] — Яго [Павалковіча] тут старым кавалерам завуць, шляхціцам. Хоць ніякі ён не шляхціц, з дзеда-прадзеда чыстакроўны мужык. Машара. // Тыповы, яскрава выражаны, характэрны для каго‑, чаго‑н. (пра чалавека). Чыстакроўны паляшук. Чыстакроўны немец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стрымаць.

2. у знач. прым. Які ўмее валодаць сабой, не выяўляць свае пачуцці. Спакойная і стрыманая ў звычайныя часы,.. [Кацярына] нават не намагалася захаваць свайго хвалявання. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. — Добры вечар у хату, — са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак. Быкаў. // Спакойны, скупы (у рухах, мове). Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.

3. у знач. прым. Які не праяўляецца, не выяўляецца ў поўнай меры, у поўнай сіле. Па ціхіх, стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лугановіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей. Мележ. [Віктар] сядзеў, як на іголках, прыслухоўваючыся да стрыманай гамонкі. Асіпенка. Дзесь ціха праплыве лодка, плясне вясло, пачуецца стрыманы смех. Васілевіч. // Спакойны, тактычны, не рэзкі (пра рухі, мову). Калі мы праходзім тут са сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас: — Калегі, запалка ёсць? Брыль.

4. у знач. прым. Пазбаўлены сардэчнасці, гасціннасці. Стрыманая сустрэча. Стрыманы прыём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Наступіць, надысці, настаць (пра час, якую‑н. справу, патрэбу). Прыспела чарга. □ Ісці ў дарогу час прыспеў — Дарога ж многа з’яў хавае. Колас. Толькі адкасіліся — жніво прыспела. «Беларусь».

2. безас. Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. [Адась:] — Што табе гэтак прыспела з каламажкаю? [Антось:] — Заўтра ў мястэчка паеду. Калюга. Мокры, стомлены, галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, — разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор’е чорт ведае куды. Шашкоў. На платформах яшчэ сюды-туды, едзь, калі табе так прыспела, а тут былі таварныя вагоны, прытым з нейкім важным грузам. Нядзведскі.

3. Разм. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. Крыўдным і незразумелым для Віці было заўсёды тое, што ніхто не прыспеў на бацькаў крык. Кулакоўскі. — То бачу, як гарыць мая хата, то чую, як наракае на мяне мая Поля, што не прыспеў у час. Сачанка. // Паспець, не спазніцца. Звечара.. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан.

4. каго-што. Разм. Застаць, заспець. За гэтым заняткам прыспеў .. [Энрыка] аднаго разу Сымон і з уласцівай людзям яго характару шпаркасцю вырашыў, што Энрыка можа дапамагчы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)