прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.

1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.

2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задо́рны, ‑ая, ‑ае.

Поўны задору; палкі, бадзёры. Голас малога па-дзіцячаму звонкі, задорны. Брыль. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. // Задзірысты. Вось пачуўся ў лесе, недалёка ад нас, рэзкі, задорны, поўны выкліку голас новага самца. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трандзі́ць (трандзе́ць, трындзі́ць, трындзе́ць) ’гаварыць абы-што, хлусіць’ (Мат. Гом.), сюды ж трандо́ліць ’гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.), трандыка́ты ’прыспеўваць без слоў або пераймаючы ігру інструмента якія-небудзь прыпеўкі, танцавальныя і гульневыя мелодыі’ (Арх. Вяр.). Параўн. чэш. trandati ’выбалбатаць, разбалабоніць’. Апошняе, паводле Махэка₂ (649), утворана пры дапамозе новага суфікса ‑ndati з tratořiti ’тс’, роднаснага тарато́рыць ’сакатаць, балбатаць’ (гл.) < прасл. *tortoriti (Фасмер, 4, 86). Гл. тарандзіць; сінкопа галоснага звязана з экспрэсіўным характарам слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэнзуры (у 2, 3 знач.). Цэнзурны нагляд. □ 80‑я гады мінулага стагоддзя былі гадамі жорсткай рэакцыі і лютых цэнзурных ганенняў. «Полымя».

2. Які адпавядае патрабаванням цэнзуры (у 2 знач.). Цэнзурныя матэрыялы. // Прыстойны. А ў другім канцы вуліцы два хлапецкія галасы «гарланілі» не зусім цэнзурныя прыпеўкі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыпе́ўка ’частушка’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк. МГ; швянч., Сл. ПЗБ, ТС), пры́пывка ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), прыпява́йка ’тс’ (Ян.), мн. л. пры́пеўні ’прыпевы’ (Пал., Растарг.); сюды ж перан. мн. л. прыпе́ўкі ’разнастайныя клопаты, выдаткі і іншыя дробязі’ (Нас.), якое разам са смал. припе́вок ’дадатковыя клопаты, выдаткі, работа’ утварае выразна акрэсленую ізаглосу. Рус. припе́вка, припе́вок ’прыпеў, прыпеўка’, польск. przypiewek ’тс’, серб.-харв. прѝпе̑вка ’прыпеўка’. Ад *прыпяваць, параўн. жыць прыпяваючы ’добра жыць, не мець праблем’. Да пець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пастухо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пастуха, уласцівы яму. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку. Колас. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць. Гэта, відаць, звычка далёкага пастухоўскага маленства. С. Александровіч. Сярод песень, сабраных М. Федароўскім, — любоўныя, сямейныя, вясельныя, радзінныя, купальскія, жніўныя, дзіцячыя, пастухоўскія, рэкруцкія, балады, прыпеўкі і г. д. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.

1. што. Спець, папець усё, многае. Перапець усе песні. □ З якою радасцю я пабег потым дахаты, каб перапець усе новыя прыпеўкі бацьку і маці. Сіпакоў.

2. што. Спець зноў, іначай. Перапець куплеты другі раз.

3. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н.; перамагчы ў спевах. Усе любілі нашы казацкія песні слухаць.. Збяруцца хлопцы. Дык мы — хто каго перапяе. Яны сваю песню, а мы сваю. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытанцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Падскокваць, рабіць рухі нагамі, быццам танцуючы. [Паўлік] ходзіць па хаце і прытанцоўвае. Лужанін. Раздзеўшыся, [пасажыры] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. // Суправаджаць што‑н. танцамі, танцавальнымі рухамі. Ішоў Вацлаў Санкоўскі і, як ні ў чым не бывала, зухавата ўзяўшыся ў бокі, прытанцоўваў і спяваў польскія прыпеўкі. Пестрак. [Гардзіенка] па-заліхвацку весела і заўзята пачаў прытанцоўваць, узяўшыся ў бокі, то прысядаць, то выкідваць ногі ўперад. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.

2. Добры, удачны. Складнае жыццё.

3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.

складны́, а́я, ‑о́е.

Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)