Прысмалі́ць ’злёгку падпаліць, прыпаліць; прыкурыць (ТСБМ), ’хутка прыбегчы, прыехаць’ (Бяльк.), сюды ж экспр. прысмалі́цца ’захацецца, зажадацца’: от усім прысмалі́лася вады (Ян.). Да смала, смаліць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

краса́ла, ‑а, н.

Тое, што і крэсіва. Галавень злез з каня, прывязаў яго да драбін нейчых калёс і пачаў высякаць красалам агонь, каб прыкурыць піпку. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымя́ць, ‑мну, ‑мнеш, ‑мне; ‑мнём, ‑мняце; зак., што.

Прыціснуўшы, змяць трохі. Каця ступіла ў равок, вінтоўкай прымяла некалькі сцяблін, каб не заміналі. Хомчанка. Нарэшце [хлопец] напаў на цэлую [папяросу], прымяў яе, узяў у зубы і накіраваўся да Мішы прыкурыць. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запальні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Кішэнная машынка для здабывання агню. Бензінавая запальнічка. □ Арэшка раптам заварушыўся, выцягнуў з кішэні запальнічку, а потым, шчыльна нацягнуўшы на галаву шынель, запаліў святло. Краўчанка. Тарас пстрыкнуў перад Славікавым тварам запальнічкай, даючы прыкурыць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Запаліць што‑н. ад чаго‑н., ужо запаленага, палаючага. Прыпаліць лучыну. □ Шура прыпаліў сваю свечку ад Валодзевай, і хлопчыкі рушылі далей. Арабей. // Разм. Прыкурыць. Ладымер зноў прыпаліў люльку, бо яна вельмі часта патухала, і трохі памаўчаў. Чарнышэвіч. [Барашкін] скруціў тоўстую цыгарку, прыпаліў яе і раптам пачаў расказваць Мятліцкаму ўсё, што адбылося з ім сёння. Савіцкі.

2. Разм. Месцамі або з бакоў спаліць, трохі падпаліць. Прыпаліць валёнкі пры сушцы. Прыпаліць пірог у печы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што. Кусаючы, раздзяліць на часткі. Раскусіць арэх. Раскусіць цукерку. □ Федзя і маці ўзялі па ягадцы ў рот, раскусілі і засмяяліся. Хомчанка. Забалелі ў вавёрачкі зубкі. — Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі. Вітка.

2. перан.; каго. Разм. Распазнаць, добра ўведаць. — А што да гэтага Капейкі, — сказаў я, спыніўшыся прыкурыць у Гаўруся, — дык я яго з першага вечара раскусіў. Брыль. Косця раскусіў іх [фашыстаў] каварную задуму і адмовіўся прымаць лякарства. Пятніцкі. Ужо і раней раскусіў я ў .. [Рабэйку] шляхцюка, але раней ён быў такі няшчасны... Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́маўка, ‑і, ДМ ‑маўцы; Р мн. ‑мавак; ж.

1. Агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца закончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу. Вандруючы па беларускіх землях, Федароўскі адразу заўважыў, што ў мове беларусаў вельмі часта сустракаюцца дасціпныя слоўцы, яркія прыказкі, прымаўкі, мудрыя выслоўі. Саламевіч. [Бародзіч:] — У нас нават прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў. Чорны.

2. Фраза, словы, якія часта кім‑н. паўтараюцца; прыгаворка. Любімай прымаўкай кожнага стычынца было: «Барані божа!». Яны ўсе ўжывалі яе калі трэба і калі не трэба. Чарнышэвіч. — Далі прыкурыць немцам як належыць, — скончыў капітан прымаўкай камбрыга. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

1. каго-што. Злёгку падпаліць; прыпаліў. [Злобіч:] — Косы, косы не раскідай, Надзя! Ці хочаш, каб я прысмаліў іх? М. Ткачоў.

2. Разм. Прыпаліць, прыкурыць. [Федзя], прысеўшы, паспешліва закурвае. Я таксама прашу прысмаліць. Місько.

3. Моцна прыгрэць, прыпячы. А пасля Пятра прысмаліла спёка, і на загонах вузкіх, як шнуры, сялянскіх палосак усё села макам. Сабаленка.

прысмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак.

1. што. Злёгку, няпоўнасцю пасмаліць, прасмаліць. Прысмаліць човен.

2. каго-што. Прымацаваць смалою. Таго, што кахаў яе найбольш за другіх, прысмалілі валасамі да сасны... Асіпенка. // перан. Прыцягнуць, прывабіць. [Маці:] — І прашу, бярыся, прашу, за розум. Ну, скажы ты мне, чым гэты Васіль, галган стары, цябе прысмаліў? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.

2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.

3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.

4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)