Прыпада́ць1 ’нізка нахіляцца, апускацца; прыціскацца’, ’даставацца, выпасці каму-небудзь; здарыцца, аказацца’, ’прыйсціся’ (ТСБМ, ТС), ’апускацца’ (ТС), ’спадабацца на смак’ (паст., Сл. ПЗБ), ’здарацца, выпадаць’ (Бяльк.). Рус. припада́ть ’прыхіляцца, прыціскацца; нахіляцца’, ’здарацца, адбывацца’, ’нечакана з’яўляцца’, ’шчыльна прылягаць’, ’кульгаць’ і да т. п., укр. припада́ти ’падаць, класціся на што-небудзь’, ’нахіляцца’, ’падыходзіць; пасаваць’, ’кульгаць’, ст.-рус. прыпадати ’схіляцца, прыгінацца’, ’падаць, здыхаць’, польск. przypadać ’прытуляцца’, ’пазбягаць, падскокваць’, ’здарацца’, чэш. připadati ’прыходзіцца (на долю); наставаць’, славац. pripadať ’прыходзіцца; прыпадаць (на долю)’, в.-луж. připadać ’прыналежаць; прыходзіцца’, серб.-харв. при́падати ’належаць; даставацца на долю’, ’прыхіляць, прыціскаць’, славен. pripádati ’даставацца на долю’; ’належаць’, балг. припа́дам ’схіляцца, падаць’, ’страчваць прытомнасць’. Прасл. *pripadati з першасным значэннем ’упасці да ног’, захаваным у ст.-слав. припасти (Сной₂, 577). Прэфіксальны дэрыват ад *padati.

Прыпада́ць2 ’прыставаць (пра хваробу)’ (смарг., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. з Латвіі і Літвы припада́ть ’хварэць, хілець’, польск. przypadłość ’хвароба, недамаганне’. Да прыпада́ць1; параўн. Мяркулава, Этимология–1967, 164. Параўн. яшчэ рус. пасть (аб скаціне) ’здохнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ныць, ныю, ныеш, ные; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.

2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.

3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.

•••

Душа (сэрца) ные гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туля́цца ‘хавацца’, ‘бадзяцца без прытулку’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Байк. і Некр.), ‘ухіляцца ад работы, гультаяваць’ (Некр. і Байк., Жд. 2), ‘хадзіць без работы, ацірацца’ (Бір., ТС), ‘хадзіць, прыгнуўшыся ды за нешта хаваючыся’ (Варл.), ‘імкнуцца пазбегнуць чаго- або каго-небудзь, хавацца’: tulájecsa, jak sabáka ad much (Федар. 4), туляцца па завуголлю ‘хавацца ад непажаданых сустрэч, пазбягаць сустрэчы з кім-небудзь’ (Нік., Оч., ТС, Растарг.), ст.-бел. тулятися, тулатися, тулятисе ‘хадзіць без пэўнай мэты, бадзяцца’ (Скарына; Александрыя; 1610 г., ГСБМ). Укр. ту́лятися, туля́тися ‘блукаць, бадзяцца’, ‘гараваць, жывучы ў чужых людзей’, рус. дыял. туля́ться ‘хавацца, бадзяцца’, польск. tułać się ‘хадзіць без мэты’, чэш. toulati se, славац. túľaťsa ‘тс’, харв. tȕlati ‘бадзяцца’, túlati se ‘хадзіць ціха, нібы крадучыся’, макед. дыял. тула се ‘бадзяцца, валачыцца’ (МЈ, 10, 1–2, 105). Прасл. дыял. *tulati sę ‘бадзяцца, туляцца, хадзіць крадком, употайкі’, на думку Борыся (Etymologie, 365), адносна позняя інавацыя часткі праславянскіх дыялектаў (без лужыцкіх моў) — дзеяслоў шматразовага дзеяння ад прасл. *tuliti sę ‘завівацца’, ‘нагінацца, горбіцца’, гл. туліць, туліцца, першаснае значэнне было ‘згінаць, прыгінацца, хавацца ідучы’ (Борысь, 653–654; ЕСУМ, 5, 674; Брукнер, 584). Махэк₂ (648) выводзіць з *lutati ‘бадзяцца’, што цяжка даказаць, як і вывядзенне з лат. tūlʼat, tūlʼāties ‘хадзіць без працы, бадзяцца’ (Блесэ, SB, 5, 25) беларускага туляцца, што, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), вельмі сумніўна, бо не прымаецца пад увагу матэрыял іншых славянскіх моў. Сюды ж туля́ць ‘хаваць (напр., ад рэкруцтва)’ (Нас.), туле́нне ‘хаванне, прытулак’ (Нас.), туля́нне ‘хавацца ў розных кутках’ (Нас., Бяльк.); ту́ляннік, туля́ньніца ‘той, хто ўхіляецца (ад працы і інш.)’ (Юрч. СНЛ); туля́га ‘бадзяга, чалавек, які пазбягае сустрэчы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘баязлівец, нерашучы чалавек’ (ТСБМ), ‘бяздомнік’ (Некр. і Байк.), туляя́ ‘гультай, нядбайнік’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. — Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)