рама́н, ‑а, м.
1. Літаратурна-мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе, са складаным і развітым сюжэтам. Гістарычны раман. □ У рамане К. Чорнага «Сястра» даецца характэрная для моладзі 20‑х гадоў спрэчка аб будучым лёсе літаратуры і мастацтва. Перкін.
2. Разм. Любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай. [Сітнік:] — У мяне быў раман. Мне было сорак пяць гадоў, а ёй дваццаць. Ермаловіч.
•••
Рыцарскі раман — твор заходнееўрапейскай сярэдневяковай літаратуры пра каханне і незвычайныя подзвігі рыцараў.
Круціць раман з кім гл. круціць.
[Фр. roman.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́за, ‑ы, ж.
1. Невершаваная мова. Пісаць прозай. □ [Васіль:] — Пішы летапіс нашага калгаса — і стары, і новы. Вершамі ці прозай — усё роўна. Якімовіч. // Невершаваная літаратура, сукупнасць невершаваных мастацкіх твораў. Беларуская савецкая праза. Асаблівасці прозы Я. Коласа. □ Проза К. Чорнага ў канцы 20‑х гадоў набывала эпічны характар. Луфераў.
2. перан. Будзённасць, штодзённасць; звычайнасць. Проза жыцця. □ Прызнацца, мяне спачатку здзівіла і нават расчаравала ажно такая прастата і проза. Брыль. Гэта проза сялянскай сям’і, але адначасна гэта яе найглыбейшая паэзія. Клімковіч.
•••
Верш у прозе гл. верш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
верш, ‑а, м.
1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.
2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.
3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.
•••
Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.
Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.
Белы верш — тое, што і вольны верш.
Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.
Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
высо́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі, працяглы знізу ўверх; проціл. нізкі. Высокі дом. □ На парозе паказаўся высокі стары ў цёмнай кашулі,.. з люлькаю ў зубах. Якімовіч. Велізарны, высокі, ясна асветлены зал быў перапоўнены. Самуйлёнак. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. // Які знаходзіцца на значная вышыні над узроўнем мора. Высокая мясцовасць. Высокія горы.
2. Значна большы за сярэднюю норму. Высокія тэмпы развіцця. Высокі ўраджай. Высокая тэмпература. □ Напярэдадні майскага свята механічны цэх.. узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.
3. Добры па якасці; выдатны. Высокае майстэрства. Высокая культура. Высокая тэхніка.
4. Выдатны па свайму значэнню, вельмі важны; пачэсны, шаноўны. Высокая ўзнагарода, пасада. Высокі гонар. Высокі госць.
5. Поўны глыбокага значэння, незвычайны па свайму зместу. Высокія ідэі. Высокая мэта. □ Напоўнены сэрцы Пачуццём высокім; Нас гордасць шугае Патокам глыбокім. Колас.
6. Вытанчаны, рафінаваны. Высокае мастацтва. Высокая культура.
7. Тонкі, рэзкі (пра гукі). Высокі голас. Высокая нота. □ З дынаміка пачуліся перарывістыя гукі: то высокія, то нізкія. Шыцік. З кузні ляцеў звон сухі, высокі. Пташнікаў.
•••
Высокі стыль — стыль, уласцівы ўрачыстай паэзіі, прозе.
Высокія шыроты — шыроты, далёкія ад экватара, блізкія да полюсаў.
Птушка высокага палёту гл. птушка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схі́льнасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць, цяга, імкненне да якіх‑н. заняткаў, дзейнасці. Думаючы пра свае творчыя схільнасці, Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля прызнаецца, што яго цягне да прозы. Бугаёў. [Андрэй:] — З маленства ў мяне была схільнасць да моў .. У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін. Рана выявілася ў хлопчыка схільнасць да паэзіі. Гіст. бел. сав. літ. // Наяўнасць якіх‑н. задаткаў (фізічных, разумовых, маральных); нахіл да чаго‑н. Схільнасць да прастуды. □ Лабановіч заўважыў схільнасць рэдактара да самавыхвалення і вырашыў скарыстаць гэта. Колас. Схільнасць шукаць усяму прычыну з’яўляецца ў сталейшым узросце. Грамовіч.
2. Прыхільнасць, слабасць, любоў да чаго‑н. Калі да чаркі схільнасць маеш, То грошы, браце мой, нідзе ты не схаваеш Сам ад сябе. Корбан. З .. імем [Ц. Гартнага] звязана свая, адметная мастацка-стылёвая лінія ў беларускай прозе 20‑х гадоў. У свой час яе называлі «натуралістычнай», падкрэсліваючы гэтым азначэннем схільнасць Ц. Гартнага да бытапісальніцтва. Адамовіч. // Сімпатыя да каго‑н. Сваю сардэчную схільнасць Канстанцін Міхайлавіч неаднойчы выказваў Танку ў вочы. Лужанін.
3. Унутраная ўласцівасць. У гутарковай мове назіраецца схільнасць не скланяць лічэбнікі, асабліва састаўныя. Граматыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́сткі, ‑ая, ‑ае.
1. Які хістаецца, ківаецца, пакалыхваецца. На хісткай галінцы крушыны, узмахваючы крылцамі, сядзела птушка. Мележ. Люблю над картай пасядзець, люблю Чытаць геаграфічныя запіскі. І кожнаму зайздрошчу караблю І палубам, прасоленым і хісткім. Панчанка. І мы, каб не перашкаджаць людзям, якія ўжо заняты думкамі пра мора, па хісткіх дошках.. сыходзім на бераг. Сіпакоў. // Няўстойлівы, нетрывалы, які лёгка прыходзіць у рух з-за сваёй зношанасці, трухлявасці і пад. Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Над.. [рэчкай] стаяў туман, а нізкі масток быў хісткі, і насціл на ім заброснеў. Лупсякоў. // Які дрыжыць, мігціць (пра агонь, святло і пад.). Часам загараліся ракеты, заліваючы хісткім святлом усё наваколле. Грахоўскі. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра паходку, крок). Тады Люба рашуча адарвала свае рукі ад .. [Петрака] і хісткім крокам пайшла. Асіпенка.
2. перан. Ненадзейны, няпэўны; малапераканальны. Хісткае становішча. Хісткія падставы. □ Праўда, усе гэтыя ўлікі, усе гэтыя доказы вельмі і вельмі хісткія. Ніхто і нідзе не мог прывесці прамога доказу непасрэднага ўдзелу інжынера ў чыгуначных дыверсіях. Лынькоў. Абое яны — дзядзька і цётка — усё яшчэ таілі хісткую надзею. Васілевіч. // Непастаянны ў сваіх поглядах, учынках і пад.; які лёгка паддаецца іншым уплывам. [Лабановіч:] — Я, аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме. Колас. Селянін у прозе Якуба Коласа так ці інакш цікавіцца рэвалюцыяй, усведамляе новыя сацыяльныя ідэі, якія яна несла, але рэвалюцыянер з яго яшчэ даволі хісткі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)