ту́хлы, ‑ая, ‑ае.

Пратухлы, з непрыемным пахам гніення. Тухлыя яйкі. Тухлая рыба. □ — Твой сазан тухлы, — крыкнуў Вано. — Ты яго здохлага злавіў. Самуйлёнак. // Разм. Затхлы, нясвежы (пра ваду); згорклы (пра масла). Тухлае масла. □ Падшыванцы — свіныя пастухі, забыўшы пра сваіх свіней, пра ўсё на свеце, плёскаліся ў копані, у зацвілай раскай тухлай вадзе. Мележ. // Уласцівы гніючым прадуктам (пра пах). На Рыгора панясло смуродам тухлага паветра. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сме́рглы ‘сапсаваны’, сме́ргнуцца ‘псавацца’: яйца смергнуцца (Яўс.). Відаць, да смярдзець (гл.), першапачатковае *smьrdly, параўн. польск. śmiardły ‘сапсаваны; пратухлы’, дыял. śmiardwy ‘смярдзючы’ з заменай спалучэння *‑dl‑ на ‑гл‑ у адпаведнасці з вядомым дыялектным усходнеславянскім працэсам, гл. Векслер, Гіст., 101; параўн. дыял. егла (jegla) ‘ёлка’ пры польск. jodła ‘тс’ (Непакупны, Связи, 186). Па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна непасрэднае запазычанне з польскай мовы. Параўн. прасмергнуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)