Скергата́ць, скергета́ць, скіргета́ць, скаргата́ць ‘скагатаць, прарэзліва крычаць (пра птушак, жаб)’, ‘адрывіста смяяцца’ (ТС), 3 ас. адз. л. скерге́чэ, скіргі́чэ, скрыге́чэ (пра сароку) (ЛА, 1). Параўн. рус. скрегота́ть, вынік метатэзы кре — кер, скра — скар, гл. скрыгатаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Ствараць крык, падобны на гукі «кар-кар». Толькі ў вершалінах дрэў прарэзліва каркалі вароны ды звінелі на розныя галасы іншыя дробныя птушкі. Якімовіч.

2. перан. Разм. Прадказваць няўдачу, няшчасце, бяду. — Бачыш, піянер, як кіпіць работа! Яшчэ ж год назад знаходзіліся такія, што каркалі, быццам у калгасе ніхто працаваць па-сапраўднаму не будзе. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце, ‑гудуць; пр. прагуў, ‑гула, ‑гуло; заг. прагудзі; зак.

1. Утварыць працяжны, нізкі гук, гул. Ды каманда: «Станавіся!» — Прагула, як гром. Астрэйка. / Пра гудкі паравоза, машыны і пад. Недзе недалёка прарэзліва прагуў паравоз. Кавалёў.

2. Праляцець, прайсці з гудзеннем. Недзе ў баку прагулі самалёты — іх не відаць было за хмаркамі, што ўсплывалі на паўдні, але гул аддаляўся ў напрамку фронту. Хадкевіч.

3. Гусці некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шна, безас. у знач. вык.

Абл.

1. Ціха, зацішна. Лёгка і сцішна было ісці пад ценем разгалістых сосен, якія галінамі навісалі над дарогай. Пестрак. Потым нехта штосьці гаварыў, тады жалезныя рыдлёўкі то сцішна ўразаліся ў сырую зямлю, то прарэзліва скрыгаталі, трапляючы на каменне... Марціновіч.

2. Жудасна, страшна. Страшна, сцішна хлопцу стала; Увесь тросся ён, дрыжаў. Колас. // Сумна, нудна. Паслухаеш — і сэрцу сцішна: мы не сустрэнем больш таго, хто Беларусь, як песню, ўзвышаў і ў сэрца кінуў нам агонь. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́хкаць, ‑ае; незак.

Разм.

1. Стукаць. Тахкае і прарэзліва шуміць за Грынямі на рацэ калгасная лесапілка. Пташнікаў. / Пра часткі механізмаў, што працуюць. Непадалёк .. аднастайна тахкаў рухавічок перасовачнай электрастанцыі. Броўка. / Пра аўтаматычную зброю. Тахкае кулямёт.

2. Рытмічна пульсаваць, моцна біцца, стукаць (пра сэрца). Моцна-моцна тахкае .. сэрца, нібы хочучы вырвацца, паляцець з грудзей. Лынькоў. Сэрца ў .. [Цімоха] тахкала так моцна, што, мабыць, пачуў і .. [Сымон]. Навуменка. // безас. Пра пачуццё шуму, удараў (у галаве, вушах і пад.). Тахкае і баліць у галаве. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́скаць ’утвараць ляск, прарэзлівы стук’, ’пляскаць у далоні’ (ТСБМ, Шат., Касп., КЭС, лаг.), ’трашчаць, праводзячы кіем па радзе калоў’ (Гарэц.), ’біць, удараць чым-небудзь плоскім’ (Сцяшк., Шат.), ’стукаць’ (ТС), ’прыбіваць нітку пры тканні’, ’крычаць прарэзліва’ (Ян.), ’клекатаць (пра бусла)’ (докш., Сл. ПЗБ), ля́снуць ’выцяць, агрэць’, ’згінуць’, ’знікнуць, прапасці’, ’пабегчы’, ’выпіць’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч., Сцяшк., Сл. ПЗБ; ТС; КЭС, лаг.; рагач., Мат. Гом.), лясонуць ’моцна ляснуць’ (ТС), ля́снуцца ’упасці і моцна ўдарыцца’ (ТСБМ, Растарг., Мат. Гом., ТС), пін. ляску́чы ’звонкі, гучны’ (Нар. лекс.). Укр. ля́скати, рус. ля́скать ’тс’; ст.-рус. ляскати ’ляскаць зубамі’, ’чаўкаць’. Прасл. leskati (гл. Трубачоў, Эт. сл., 14, 135–136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мант ’адчайны, немы крык, кліч на дапамогу’, ’працяглы моцны крык, плач’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Яруш.), ле́мент ’прарэзлівы крык, галашэнне’ (Некр., ТС; мазыр., Шн. 2), ст.-бел. ляментъ (XVII ст.), запазычанае са ст.-польск. lament ’моцны плач, звычайна са скаргай, шкадаваннем, цярпеннем, нараканнем’ (Булыка, Лекс. запазыч., 136), якое з лац. lāmentum ’галосная скарга, шкадаванне і галашэнне’ (Слаўскі, 4, 38). Сюды ж лямантава́ць, лямантава́цца, лемантава́ць, лементоваць, лымынтува́тэ ’моцна і працягла крычаць, сварыцца’, ’галасіць, плакаць гучна, нудна’, ’прарэзліва галасіць’, ’крычаць ад болю’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат., Гарэц., Др.-Падб., Некр., ТС; драг., КЭС; міёр., Нар. лекс.; шчуч., маст., Сл. ПЗБ), лемантава́ць ’абцяжарваць, ускладняць, ламаць’ (Нас.), ст.-бел. ляментовати ’лямантаваць’ (пач. XVII ст.), запазычанае са ст.-польск. lamentować ’тс’ і ст.-бел. ляментацыя ’плач, элегія’ (XVII ст.), якое са ст.-польск. lamentacyja ’тс’ < лац. lāmentātiō ’жаласнае нараканне, енкі’ (Булыка, там жа; Слаўскі, 4, 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.

1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.

2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.

3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гучна, моцна, голасна, галасіста, галасліва, звонка, гулка, аглушальна, уголас, услых, учуткі / рэзка: прарэзліва, праразліва, пранізліва, пранозліва; зычна, нема, гарласта, грукатна, наўзроў (разм.); грымотна, грамавіта, громка, гаманліва □ на ўвесь голас, на поўны голас, не сваім голасам, немым голасам, на ўсё горла, ва ўсё горла, на ўсе грудзі, на поўныя грудзі, ва ўсе грудзі

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

не, часціца адмоўная.

1. Надае слову, да якога яна адносіцца, значэнне поўнага адмаўлення. Ой, не вецер з-за гор легкакрылы Кучаравіў сасну на кургане. Трус. Мы так захапіліся сваёю работаю, што не заўважылі, як на дзядзінец прымчаўся ўраднік Вярбіла са сваімі стражнікамі. Якімовіч. [Уля] з Волькай вучыліся роўна, не адстаючы адна ад адной і не забягаючы наперад. Паўлаў. // Пры проціпастаўленні (звычайна са злучнікамі «а», «але»). Хачу я жыць, а не памерці, Каб радасць несці пакаленню. Чарот. Трактарам любуйся, але і каня не забывай. Прыказка. // У спалучэнні з дзеясловам-выказнікам, калі ў сказе маюцца адмоўныя займеннікі і прыслоўі, якія ўзмацняюць адмаўленне. Ніхто не сказаў ні слова. Няхай. // У спалучэнні з інфінітывам-выказнікам, калі выражаецца сцвярджэнне немагчымасці. А дзень наступны і падзеі У неакрэсленай смузе. Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць, Бо сэрца томіцца, баліць. Колас.

2. Служыць адмоўным адказам на станоўчае пытанне. — А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер? — Не. Настаўніца. Шамякін. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — А я думала, вы таксама да Масквы. — [Канстанцін Пятровіч:] — Не, я не да Масквы. Мне трэба тут выходзіць. Васілёнак. // У пачатку рэплікі, якая перапыняе выказванне субяседніка, або ў пачатку адказу, які выражае пярэчанне. — Ты прыедзеш сёння? — Я заняты. — Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? Самуйлёнак. [Злобіч:] — Не, Сандро, ты, відаць, не кахаў, калі хочаш так проста мяне супакоіць... М. Ткачоў. // Пры выказванні забароны рабіць што‑н. або адмове ў чым‑н. — І я з табою! — папрасіўся хлопчык. [Бацька:] — Не, сынок, ты аставайся з мамай! Кулакоўскі. Выкапаўшы некалькі ямак, я падышоў да.. [Ганкі] і кажу: — Можа, памагчы? — Не, я сама, — разазнулася Ганка. Рунец. // Ужываецца для большай выразнасці ў пачатку або ў канцы выказвання, у якім адмаўляецца тое, што было выказана раней; тое ж — пры процілеглай думцы, якая не была выказана, а толькі падразумявалася. Мінуў дзень, мінуў тыдзень, а пра Бярозку ў Далідовіча не было ніякіх новых звестак.. — Сумненне, якое незнарок пасеяў Захарэня, Платон Барысавіч і на вярсту не падпускаў да сябе. — Не, ты недзе блізка ад нас, — раптам праплывала невядома адкуль надзея, і Далідовіч працягваў пошукі. Шахавец. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. Не, мы не пойдзем славы пазычаць, Па прыгажосць не пойдзем на чужыну. Шушкевіч. // Ужываецца ўнутры выказвання для ўнясення папраўкі. Прыдзі да мяне ў чатыры гадзіны. Не, у тры. // Ужываецца ў пачатку думкі, якая падагульняе сказанае раней і з’яўляецца яго вынікам. [Рыгор:] — Вось прыедзеш, а праз дзве гадзіны — назад. Любата!.. Не, гэта разумна прыдумана — аўтобус ў вёску пусціць. Ракітны. // Ужываецца ў пачатку рэплікі з мэтай звярнуць увагу субяседніка на думку, якая выказваецца. Не, ты толькі паглядзі, чаго ён натварыў.

3. Мае значэнне няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні; тое, што і няма (у 2 знач.); проціл. так. — У цябе ёсць білет? — Не. □ [Майстар-цырульнік] прарэзліва зарыпеў мне ў самае вуха: — Скажыце, у вас каты ёсць? — Не. А што? Паслядовіч.

4. Разм. Ужываецца замест выказніка з адмоўем, а таксама замест словазлучэння або цэлага сказа з адмаўленнем ці проціпастаўленнем. Падышоў я бліжэй [да Дошкі гонару], кінуў пагляд на адзін твар, на другі. Подпісаў не чытаў, а так сабе глядзеў, прыкідваў крытычным вокам, каторы партрэт зроблены добра, а каторы не. Кулакоўскі.

5. Надае значэнне няпэўнасці, няпоўнага адмаўлення, непаўнаты дзеяння ці стану: а) пры назоўніках, якія паўтараюцца. Бяда не бяда. □ Працаваў .. [Язэп] нехаця, ляніўся, на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай — жыта не жыта, трава — не трава. Лупсякоў; б) паміж дзеясловамі, якія паўтараюцца. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка; в) у спалучэнні з прыслоўямі «вельмі», «лепш», «надта» і пад. Думкі не вельмі вясёлыя.

6. Надае выразу сцвярджальнае значэнне з дзеясловамі «магчы», «смець» пры наяўнасці другога адмоўя або з дзеясловамі ў безасабовым сказе, выказнікам якога з’яўляюцца словы «нельга», «немагчыма». Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка.

7. У спалучэнні з часціцай «ці» ў пытальных сказах выражае мадальнае значэнне сцвярджэння або няпэўнасці, здагадкі. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. [Суседка:] — Ці не перапала табе сёння дзе-небудзь чарка, Данілка? Капыловіч.

8. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі пры асаблівай інтанацыі вымаўлення надае сэнс станоўчага адказу. Як не спяваць мне? □ [Мяснікоў:] — А дзетак не прыбавілася? [Касач:] — Хе! Чаму не! Гурскі.

9. У спалучэнні з дзеясловамі, якія канчаюцца на «‑ся», «‑цца» і маюць прыстаўку «на-», надае значэнне немагчымасці закончыць дзеянне. Не наглядзіцца маці на сына.

10. Уваходзіць у склад словазлучэнняў, якія з’яўляюцца складанымі злучнікамі і злучальнымі словамі: «не то... не то»; «не то што»; «не то .. а»; «не толькі, .. але (і)» і пад. Бацька не то спаў, не то так ляжаў на печы, яшчэ не разуваючыся. Крапіва. На вуліцы ў Чыжэвічах — не то што ў Малінаўцы — было людна і ажыўлена. Чарнышэвіч. Пісьменнік здолеў даць не толькі тыповы характар правакатара, але і раскрыць вытокі здрадніцтва, паказаць, на якой глебе яно вырастае. Дзюбайла.

11. Уваходзіць у склад устойлівых словазлучэнняў: «далёка не»; «не раўнуючы, як»; «амаль не», «ледзь не», «бадай не»; «не раз і не два»; «не вельмі каб» і пад. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. [Маці:] — Цяперака купяць, бо не вельмі каб у каго сена пад вясну было. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)