ашука́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., каго-што.

Наўмысна ўвесці ў зман каго-н., абысціся несумленна з кім-н., не выканаць абяцання.

На цэлых сямнаццаць тысяч ашукала прадаўшчыца.

|| незак. ашу́кваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мало́чніца, ‑ы, ж.

1. Разм. Прадаўшчыца малака і малочных прадуктаў.

2. Захворванне слізістай абалонкі рота (пераважна ў грудных дзяцей).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кве́тачніца 1, ‑ы, ж.

Работніца, якая вырабляе штучныя кветкі, а таксама прадаўшчыца кветак.

кве́тачніца 2, ‑ы, ж.

Муха, шкоднік сельскагаспадарчых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тачкава́япрадаўшчыца’ (Сл. рэг. лекс.), тачка́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Вытворныя ад рус. то́чка ’магазін, гандлёвая кропка’, торго́вая то́чка ’гандлёвы пункт’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прика́зчица уст.

1. (в лавке) прыка́зчыца, -цы ж.; прадаўшчы́ца, -цы ж.;

2. (в имении) акано́мка, -кі ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Прадава́чкапрадаўшчыца’ (ігн., Сл. ПЗБ). Лічыцца калькай літ. pardavėja ’тс’, паралельнай да kasėja ’канапка’, siuvėja ’швачка’ і пад. (Baltistica, 26, 2, 167), параўн., аднак, у Скарыны продавач і балг. продава́чка, што сведчыць аб магчымасці самастойнага утварэння ад прадаваць, гл. прадаць (Цыхун, Зб. памяці Талстога, 1, 329).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узру́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узрушыць.

2. у знач. прым. Вельмі моцна ўсхваляваны. Узрушаны дзядзька Марцін выйшаў на прыгумень, кісет дастаў і стаў папяросу вярцець. Колас. — Ну, паглядзіце, што гэта за чалавек? — звяртаецца ўзрушаная прадаўшчыца да пакупнікоў. Пянкрат. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; узбуджаны. Радасны і ўзрушаны дзед Талаш абедзвюма рукамі патрос Букрэеву руку. Колас. // Які выражае такі стан. Узрушаны твар. Узрушаны выгляд. Узрушаны голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́к, ‑мка, м.

1. Прыстасаванне для запірання на ключ чаго‑н. (дзвярэй, чамаданаў і пад.). Дзвярны замок. Вісячы замок. Унутраны замок. // Засцежка на бранзалеце, ланцужку і пад. // Разм. Від засцежкі ў адзенні. Замок-маланка.

2. Спец. Дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі, пры дапамозе якой робіцца выстрал. Замок гарматы. □ [Дубінін] з кулямётам пачаў адпаўзаць .., а калі выбіўся з сілы, кулямёт укінуў у варонку ад бомбы, а замок узяў з сабою. Гурскі.

3. Спосаб злучэння частак драўляных канструкцый. Рубіць вугал у замок.

4. У архітэктуры — цэнтральны камень аркі, скляпення.

•••

За сямю (дзесяццю) замкамі — старанна схаваны, надзейна ахоўваецца.

Пад замком (на замку) — замкнуты. Сельмаг цэлы дзень на замку, бо прадаўшчыца таксама пайшла за жняяркай. Брыль.

Сядзець пад замком гл. сядзець.

Трымаць пад замком гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак.

1. што. Спыніць, затрымаць што‑н. у час руху. Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага. Караткевіч. // Заўважыць, сустрэць (позірк, усмешку і пад.). [Васіль] хмурна адарваў вочы, .. паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Мележ.

2. каго. Затрымаць, спыніць каго‑н. У доўгім інстытуцкім калідоры [Антанюка] перахапіў зяць. Шамякін. Адразу пасля прыёму.. два браты Таркайлы перахапілі.. [Алеся] і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Караткевіч. Сказалі [казакі], з каровамі ды авечкамі мы далёка не заедзем: немец насцігне і перахапіць нас з усім нашым скарбам. Якімовіч. Пасля адной з .. удалых вылазак Марата партызаны перахапілі важнага гітлераўскага начальніка. В. Вольскі. // каго-што. Ідучы наперарэз, перагарадзіць шлях, дарогу каму‑н. І ніхто яго [самалёт] у такую ноч не перахапіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Шамякін.

3. каго-што. Захапіць каго‑, што‑н., прызначанае для іншых; схапіць раней за іншых. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне. Лынькоў. Хутка зайгралі танга, юнак амаль подбегам падаўся да Чыліты, баючыся, каб яе не перахапілі. Скрыпка. // Захапіць што‑н. чужое ў час дастаўкі, перадачы адрасату. Фашысты маглі перахапіць і расшыфраваць... [радыёграму], і тады смельчакоў чакаў верны правал. Шашкоў. «А што калі перахапіць пісьмо?! Перахапіць — і канцы ў ваду», — працяла Веньку нечаканая думка. Шыловіч.

4. каго-што. Абвязаць, абвіць, аперазаць; перавязаць. Гэткім жа лоўкім рухам .. [Коўбец] адразу ж перахапіў аорту і, спыніўшы кровацячэнне, пачаў сцягваць яе швом. М. Ткачоў.

5. што. Размясціцца ўпоперак чаго‑н. А праз масток, які перахапіў .. [рэчку] ў адным месцы, на сядзібу РТС узыходзіла дарожка. Гроднеў.

6. што. Сціснуць спазмай. Там сядзела Мацючыха. Хацелася крыкнуць, каб і яе сюды, за гэты паркан, але нешта перахапіла голас, і Галя хуценька выбегла з залы на свежае паветра. Сабаленка. Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла перахапіў пякучы боль. Гамолка. / у безас. ужыв. Сэрца неяк тужліва сціснулася і ў горле адразу перахапіла. Алешка.

7. што. Схапіць, абхапіць рукамі што‑н. інакш або ў другім месцы. Дотык пальцаў з чырвоным лакам манікюру на пазногцях быў непрыемны, і Васіль непрыкметна, нібыта трэба было перахапіць лейцы, вызваліў руку. Савіцкі.

8. што і чаго. Пазычыць на кароткі час. Лепш перахапіць у каго лішні рубель, чым ісці ды ніякавата адводзіць убок вочы, пакуль прадаўшчыца запісвае ў тоўсты сшытак твой даўжок. Даніленка.

9. што і чаго. З’есці чаго‑н. на скорую руку, перакусіць. Пасля .. [Джыавані] думаў збегаць на суседнюю вуліцу перахапіць парудругую сасісак у знаёмым ларку. Лынькоў. — Дзякую, не хачу. Я там у буфеце перахапіў сёе-тое, — адмовіўся я, бо пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

10. што і без дап. Разм. Перабраць меру, праявіць празмернасць у чым‑н. Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца. Мележ.

•••

Дыханне перахапіла — тое, што і дыханне заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)