Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел. трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск. tram, tranдыял. паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх. trama ’апорная бэлька’, в.-луж. trama, н.-луж. tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац. trám ’бэлька, брус’, харв. кайк. trȃm, славен. trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням. trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням. trāme ’бэлька’, ст.-фрыз. trām(e) ’брус, бэлька’, нарв. tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ. atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýti ’падперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч. τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац. trabs < і.-е. *drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл. *tramъ са ст.-грэч. τραφηξ, лац. trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ва1 ’прылада для сядзення (некалькіх асоб) і для спання’, ’самаробная мэбля ў сялянскай хаце’ (Гарэц., Сцяшк., Мат. Гродз.; гродз., КЭС. Янк. Мат., Мал., Некр., Маш., Выг., Нас., Бяльк., Касп., Яруш., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), лавы ’тс’ (Зялен. 2; Зн. дыс.). Укр. ла́ва, рус. ла́ва ’тс’, польск. ława, палаб. lovó, н.-луж., в.-луж. ława, чэш. lava, мар. łava ’тс’, славац. lávka, lavica ’лаўка’, славен. láva ’буфет (шафа)’, балг. лавица ’лаўка’. Прасл. lava ’(непераносная) лава ля сцяны’. Развіццё семантыкі: ’узнятае прыстасаванне для сядзення, ляжання’ > ’прызба’ > ’куча, слой зямлі, шчыльная маса, рад’. Дакладнымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. lóva ’ложак, пасцель’, ’доўгая лаўка’, ’градка, загон’, ’рэчышча’, лат. lāva ’палок у лазні’, ’пол’, ’лаўка ля печы’, ’адонак’, а таксама, магчыма, ст.-інд. láva‑ ’адрэзак, адрэзаны кавалак’, lavaḥ ’той, хто рэжа’, літ. liáutis ’прыпыняць, быць абрэзаным, акалечаным’ (апошняе гл. Слаўскі, 5, 51). Больш падрабязна гл. Бернекер, 695; Фасмер, 2, 444.

Ла́ва2 ’звязаны лес, плыт, які сплаўляецца на рэках басейна Заходняй Дзвіны’ (Анік., Дэмб., Янк. Мат.), ’плыт або звяно плыта на даўжыню аднаго бервяна’, ’плыт з двухмятровых дроў’ (дзвін., Нар. сл.; чэрв., Сл. паўн.-зах.). Самым блізкім да яе па значэнню з’яўляецца рус. лава ’мост’, пск. ла́вы ’плывучы мост на плытах’, пск., цвяр. ла́вина ’плыт на вадзе для мыцця бялізны, коней’, укр. гуц. ла́ва ’вузенькі масток, бервяно праз ваду, якое ўжываецца для пераходу’, ’кладка’. Аднак семантыка бел. лава з’яўляецца рэгіянальнай канкрэтызацыяй больш агульнага значэння лексемы lava ’нешта доўгае, шарэнга, рад, шчыльна складзеныя з асобных, падобных адна да адной састаўных частак’, як у бел. лава ’бок вуліцы’ (петр., Шатал., Мат. Гом.), параўн. і ла́ва3лава6, рус. пск. ла́вица ’вуліца, гарадскі раён’ (Філін, Происх., 610). Адносна паходжання гл. ла́ва1.

Ла́ва3 ’кавалак поля ад баразны ў два-тры загоны, узараных уроскід’ (Сцяшк.; мін., Ант., Чуд., Сл. паўн.-зах., Прышч. дыс.), ’вялікі кавалак зямлі, участак поля’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.), ’загон’ (Шатал.), ’участак поля, які належыць аднаму гаспадару’ (Сл. паўн.-зах., Выг.), ’ніва’ (Мат. Гом.), ’вялікі абшар, аднастайны масіў чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’вузкая паласа поля’, ’загуменная дарога’, ’абочына дарогі’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. lóva ’загон, градка’. Да лава1 (гл.).

Ла́ва4 ’кар’ер (торфу)’ (Мат. Гом.), ’падземны горны вырабатак з доўгімі забоямі, дзе здабываюцца карысныя выкапні’ (ТСБМ) < польск. lawa < ст.-польск. ławy ’соль, высечаная гарызантальна’, ławy węglowe (XVI ст.). Крукоўскі (Уплыў, 73) мяркуе, што гэта запазычанне з рускай мовы. Да лава1 (гл.).

Ла́ва5 ’падоўжаная ўкладка дроў’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн., аднак, літ. lóva ’капна сена’. Магчыма, балтызм.

Ла́ва6 ’гарадскі суд’ (КТС, У. Караткевіч), ст.-бел. лава ’тс’ запазычана са ст.-польск. lawa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 53).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)