сіфо́н, ‑а, м.
1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.
2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.
3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.
[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жо́лаб ’прадаўгаватае паглыбленне; карыта’. Рус. желоб ’прыстасаванне для стоку вады’, укр. жо́лоб ’карыта, прыстасаванне для перасыпання, пералівання’, польск. żłób, серб.-луж. žłob, чэш., славац. žlab, славен. žlêb, балг., макед. жлеб ’тс’. Ст.-рус. желобъ, жолобъ. Ц.-слав. жлѣбъ. Прасл. *želbъ < gelbъ. Ільінскі (РФВ, 1918, 78, 3–4, 198) звязваў са ст.-ісл. golf ’унутранасць пасудзіны; падлога’. Фасмер, 2, 61; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 282; БЕР, І, 550; Махэк₂, 729; Скок, 3, 683. Пятлёва (Этимология, 1975, 47–49) звязвае з серб.-харв. ижуњити ’выдаўбаць’ і лічыць першасным значэнне ’выдаўбанае’. Іншыя этымалогіі (гл. Фасмер) малаверагодныя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ле́йка 1 ’прыстасаванне ў выглядзе конуса для пералівання і фільтравання вадкасці’, ’палівачка’, ’чарпак для вылівання вады’ (Бяльк., Касп., Яруш., Гарэц.; лях., Сл. паўн.-зах., ТСБМ). Укр. лі́йка, рус. ле́йка, польск. lej, ст.-польск. lej (XIV ст.), lejek, lij, lijek, н.-луж. lějk, lejk, в.-луж. lik, чэш. lejík, lejček, славен. lȋj, lijec, серб.-харв. чакаўск. лиј, леј, істрыйск. ли̏јак, lȉjevak ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lějь, lějьkъ — спачатку як nomen agentis, а пазней nomen instrumenti (параўн. іншыя ўтварэнні з тым жа коранем: каш. ledło ’лейка’, в.-луж. lijidło ’адліўка’, рус. лия́ло ’адлівачная форма’). Утворана ад леяць (гл.), якое з прасл. lějati (Слаўскі, 4, 119–120).
Ле́йка 2 ’вылівак’ (стаўб., Нар. сл.; карэліц., З нар. сл.). Відавочна, паходзіць з *ле́як < *левак < вылівак; другая частка слова ‑йка — у выніку кантамінацыі з лексемай яйка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)