пранікнёнасць, ‑і, ж.

Хвалюючая шчырасць, сардэчнасць, унутраная перакананасць. У беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. Купала з вялікай пранікнёнасцю і глыбінёй паказаў масавае абеззямельванне сялянства. Івашын. — Ты сапраўды вельмі-вельмі добры, Сцяпан! — са шчырай пранікнёнасцю прамовіла Кацярына. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упэ́ўненасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць упэўненага. Упэўненасць рухаў. Упэўненасць паходкі.

2. Перакананасць у чым‑н. У кожнага з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што калі на другім ствале, дасталі калійную соль, то дастануць яе і па астатніх. Кулакоўскі. Хаця хлопчык у глыбіні душы і адчуваў, што, запрасіўшы Рыгорку ўдзельнічаць у канцэрце, ён зрабіў правільна, але цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Курто.

3. Усведамленне сваёй сілы, магчымасцей, рашучасць у дзеяннях. [Максім:] — У каго больш вытрымкі, розуму, самакантролю, упэўненасці, той перамагае. Няхай. Алеся [Пракоп] вабіў сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад упэўніць.

2. у знач. прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда. Чорны. Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах. Кулакоўскі. // Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мележ. // Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў. Шашкоў. Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд. Лупсякоў.

3. у знач. прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады. Жычка. Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя. Карпаў.

•••

Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)