прадаўгава́ты, ‑ая, ‑ае.

Падоўжаны; большы ў даўжыню, чым у шырыню. У вузкім, прадаўгаватым пакоі паўзмрок, на стале, з краю, лямпа, вокны завешаны шчыльнай чорнай паперай. Навуменка. Свежыя, зялёныя, прадаўгаватыя — адзін у адзін — .. [агуркі] радавалі вока гаспадыні і госця. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́сцевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцевыя пупышкі. // Які ўтвараецца лісцем. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

2. Які мае лісце, з лістамі (пра дрэвы); проціл. хвойны. Лісцевае дрэва. // Які складаецца з такіх дрэў. Лісцевы лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́цемак, ‑мку, м.

Паўзмрок, паўцемра адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. У ранішнім прыцемку .. [дарога] нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэў здаваліся падобнымі на скалы. Мележ. Улетку на вёсцы спаць кладуцца з прыцемкам. Сачанка. // Паўзмрок, паўцемра ў дрэнна асветленым памяшканні, месцы. — Не спяшайся запальваць агню. Пасядзім лепш у прыцемку. Нашто ж, каб вокны свяціліся. Машара. А ў прыцемку варот, густой імглой прыкрыты, Як здань мінулага, стаіць стары гандляр. Панчанка. Гадзіннік здаўся.. [Валі] прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. Пестрак.

•••

На прыцемку — адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. Толькі на прыцемку.. [Насця] пачне гатаваць страву. Жычка. У панядзелак Янка ўстаў на прыцемку. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́цемкі, ‑аў і ‑мак; адз. няма.

1. Тое, што і прыцемак. За акном, у лёгкіх прыцемках, ляжала заснежаная зямля. Ракітны. Свякруха.. доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ.

2. Пара сутак, калі стаіць паўзмрок, паўцемра. Злучэнне пратрымалася да прыцемак... М. Ткачоў. Яшчэ былі прыцемкі — дзень толькі-толькі пачынаўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́с, ‑а, м.

1. Дах на слупах ці іншых апорах, які ахоўвае ад сонца, непагоды. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Вучнёўскія парты стаялі на двары пад навесам і паблісквалі свежай афарбоўкай. Кулакоўскі.

2. Тое, што навісае зверху; частка чаго‑н., якая выступае, навісае. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суто́ннепаўзмрок паміж заходам сонца і надыходам ночы, а таксама перад світаннем’ (ТСБМ, Сцяшк.), суто́нак ’тс’ (Сцяшк.), суто́нець, суто́ньваць ’змяркацца’ (ТСБМ), сутуня́цца ’тс’ (Сцяшк.), суто́нівацца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), сутаня́цца ’тс’ (Жд. 1), сутуні́ты (Сл. Брэс.), сутыня́ты (стол., Нар. лекс.), сутэня́ті ’тс’ (пін., З нар. сл.), сутоні́цца ’тс’ (пух., З нар. сл.), сутуні́ты ’пачынаць світаць’ (драг., З нар. сл.), суты́ніть ’тс’ (пін., З нар. сл.). Укр. су́тінь, су́тінок ’змрок’, сутоня́е ’змяркаецца’, серб.-харв. су́тон ’змярканне, змрок’, усу́тонити ’змеркнуцца’. Усх.-слав.-серб.-харв. ізалекса (Талстой, Лексика Пол., 18). Дэрыват ад прасл. *(sъ)tęti sę, *(sъ)tinati ’сцягваць, згушчаць’; рэканструююцца прасл. *sǫtonъ, *sǫtonьje, *sǫtoniti sę (Мяркулава, Этимология–1975, 56–57; Казлова, Регионализмы, 5; Запрудскі, дыс., 35; Борысь, Etymologie, 263; ЕСУМ, 5, 485), гл. сцяць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разве́яць, ‑вею, ‑вееш, ‑вее; зак., што.

Разнесці ў розныя бакі (ветрам); пусціць па ветры. Ветрык развеяў туман, перастала імжыць. П. Ткачоў. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Федасеенка. // перан. Рассеяць, знішчыць, разагнаць. Развеяць трывогу. □ Пачуўся ўсплёск, успыхнула злосць у душы рыбака, а злосць гэтую развеяў звонкі дзявочы смех. Брыль. Каб як-небудзь развеяць сумны настрой, Максім спытаў у Сяргея: — Як табе тут жывецца ў горадзе? Машара. Нясмелы агеньчык развеяў паўзмрок, і хата зноў стала пустой і ціхай. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

1. над чым. Устанавіць сваю ўладу, сваё панаванне. — А ўсё ж, брат, — папрасіў Кастусь, — растлумач ты мне ясней: чаму князі і каралі запанавалі над народам? Якімовіч.

2. Пачаць панскае, бяздзейнае жыццё. — Паны, якіх мы прагналі адсюль, а іх маёмасць і зямлю вам, сялянам, аддалі, ізноў хочуць прыйсці сюды, каб запакаваць у сваіх маёнтках. Нікановіч. // перан. Зажыць заможна і шчасліва. Блізка той дзянёк, калі Шчасна запануем, Станем самі мы людзьмі І край адбудуем. Купала.

3. Настаць, устанавіцца. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. Чорны. Бацька ўкруціў кнот газоўкі, каб яна не вельмі свяціла, і ў хаце запанаваў нейкі казачны паўзмрок — святло газоўкі змяшалася з месячным. Сабаленка.

4. перан. Зрабіцца пануючым, вырашальным. У вершах запанавала задумлівая элегічнасць. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.

2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)