наязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да наехаць.

2. Час ад часу прыязджаць. Старыя яшчэ і цяпер памятаюць, як [сын] часам улетку наязджаў у Гарнастаеўку. Сабаленка.

3. Рабіць наезды, нападаць. [Цімох Будзік:] — Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі. Колас. [Карнікі] звычайна наязджалі і распраўляліся ў сёлах, дзе сустракалі сабатаж або сляды партызанскай дзейнасці. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спудлава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.

1. Не трапіць у цэль (страляючы, кідаючы і пад.). Па прывычцы стрэльбу я рыхтую І сачу за ценем [цецерука] паміж дрэў, Хоць, напэўна ведаю, спудлую. Танк.

2. перан. Разм. Зрабіць промах, схібіць. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы .. [Рыбака] міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне — не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распластава́нне, ‑я. н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распластаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распластавацца.

2. перан. Падзел на сацыяльныя групы, класы і пад. Ідэйна-класавае распластаванне беларускай дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, класавую дыферэнцыяцыю беларускага дарэвалюцыйнага сялянства — усяго гэтага, так яснага нам сёння, паэт у сваім часе не разглядзеў. Лойка. [Андрэй:] — Пасля спынення партызанскай барацьбы адбылося пэўнае класавае распластаванне ў вёсцы. Падняло галаву кулацтва. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плацда́рм, ‑а, м.

Прастора, мясцовасць, на якой рыхтуецца і разгортваецца ваенная аперацыя. У пачатку 1945 года Савецкая Армія адкінула немцаў на захад, захапіла важныя плацдармы нямецкіх войск у самой Германіі і выйшла на подступы да Берліна. «Беларусь». // перан. Аб краіне, тэрыторыі, якая можа быць выкарыстана ў якасці базы для нападу на іншую краіну. Лес быў плацдармам, захопленым у ворага ў першыя ж дні акупацыі, з якога ўсё шырэй і глыбей развіваліся баявыя дзеянні партызанскай вайны. Шахавец.

[Фр. place d'armes.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арганіза́тар, ‑а, м.

Той, хто арганізуе што‑н., з’яўляецца ініцыятарам чаго‑н. Арганізатар вытворчасці. Арганізатар рэвалюцыйных мае. □ Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін. Сюды, у глыбокі варожы тыл, дайшоў .. голас Камуністычнай партыі — кіраўніка і арганізатара партызанскай барацьбы. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // Той, хто валодае здольнасцямі да арганізацыйнай работы. — Які ж з мяне вучоны? — Мілоўскі махнуў рукой. — Як арганізатар, кажуць, што я нядрэнны, а да вучонага мне яшчэ далёка. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок. Машара. // Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Шамякін. // Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі. «Беларусь».

2. перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак.

1. што. Прапускаючы нітку, дратву і пад. праз што‑н., прышыць, сшыць, зашыць. Прашыць падэшвы. // Зрабіць шво на чым‑н., прастрачыць. Прашыць каўнер.

2. што. Спец. Зрабіць скразную адтуліну ў металічнай дэталі.

3. каго-што. Разм. Прастрэліць (у некалькіх, у многіх месцах). Аўтаматычная чарга прашыла нагу Зоі. Няхай. Кулям сэрца лёс не даў прашыць. Лойка. / у безас. ужыв. Сямёну Неляшу, які жыве насупраць Лобіка, партызанскай куляй прашыла грудзі. Навуменка.

4. і без дап. Шыць некаторы час. Прашыць увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́лымя, ‑я, н.

1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.

2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.

•••

З агню ды ў полымя гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выда́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца сярод іншых, славуты; шырока вядомы. Выдатны дзеяч навукі. □ На сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячаў. Колас.

2. Незвычайны, выключны. Выдатны розум. Выдатныя здольнасці. □ Рысы.. твару [Аксёна Каля] строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Колас. // Знамянальны. Выдатныя старонкі летапісу партызанскай барацьбы.

3. Вельмі добры. Выдатная ацэнка. Выдатны матэрыял. Выдатная вучоба. □ [Валодзя:] — Мая брыгада будзе і далей даваць толькі выдатную прадукцыю. Крапіва. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́каз, ‑у, м.

1. Довад або факт, які з’яўляецца падставай для сцверджання чаго‑н.; сведчанне чаго‑н. Людзі кінуцца ў лес, а гэта і будзе доказам іх партызанскай прыналежнасць. Шчарбатаў. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас. Шмат каго будуць судзіць за зносіны з паўстанцамі, хаця ніякага доказу на гэта.. не маецца. Чарот.

2. Сістэма вывадаў, якая служыць для устанаўлення новага палажэння на падставе іншых, раней вядомых. Складанасць.. [тэарэмы] была ў тым, што, каб даказаць яе, трэба было ведаць заадно доказ і яшчэ адной тэарэмы. Краўчанка.

•••

Рэчавы доказ — прадмет, які мае дачыненне да злачынства і спрыяе яго раскрыццю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)