во́дзыў, ‑зыву, м.

1. Думка, меркаванне з ацэнкай каго‑, чаго‑н. Несцяровіч быў энергічным. Гэта відаць з водзываў аб ім розных дзеючых асоб у творы. Барсток. // на што. Рэцэнзія. [Гарлахвацкі:] (Узяўшы чарговы канверт, чытае ўслых:) «Аляксандру Пятровічу Чарнавусу...» З Масквы... Мусіць, водзыў на яго працу... Крапіва.

2. Сакрэтнае ўмоўнае слова, якое з’яўляецца адказам па пароль. Сістэма паролей і водзываў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Навесці кароткі моцны ўдар. // Ударыць, моцна стукнуць па чым‑н. Як пушчалка з прашчы, з густога натоўпу мільгануў камень і чарахнуў булахоўцу ў галаву. Машара. // Стрэліць кароткай чаргой з аўтаматычнай зброі. Яшчэ разоў колькі пачулася «Пароль?» і «Браўншвайг», а потым той, што падняў партызанскі кінжал, .. не стрываў: замест адказу, чарахнуў з аўтамата. Брыль.

2. Хутка адрэзаць (выразаць) кавалак чаго‑н. [Міхась] імгненна дастаў з кішэні маленькія нажнічкі і чарахнуў у Валі добрую пасму мяккіх валасоў каля вуха. Няхай. // Разануць чым‑н. вострым. Чарахнуць нажом па пальцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́пуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).

2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.

3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.

4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Вызначыць, надаць кірунак руху каму‑, чаму‑н. Накіраваць лодку да берага. Накіраваць машыны ў абход горада. □ Пілот накіраваў самалёт на белую паляну, якая і аказалася знаёмым возерам. Якімовіч. [Таццяне] захацелася сказаць, што ніякай школы тут няма і накіраваць дзяцей назад дамоў, але яна не магла ім схлусіць. Шамякін. // Наставіць што‑н. на каго‑, што‑н. Пароль? — сурова спытаў Маеўскі і, выглянуўшы з-за дрэва, накіраваў на.. [чалавека] пісталет. Шамякін. // Даць пэўны напрамак развіццю якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас. [Ваўчок] накіраваў далейшую размову ў рэчышча практычных пытанняў, звязаных з асенне-зімовым рамонтам. Хадкевіч.

2. Сканцэнтраваць што‑н. на кім‑, чым‑н., імкнуцца да чаго‑н., супроць чаго‑н. Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі. Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва. Кудраўцаў. // Уважліва паглядзець. Накіраваць позірк на незнаёмага.

3. Паслаць, адправіць каго‑н. куды‑н. Накіраваць хворага ў клініку. □ [Павел] пайшоў у райваенкамат і папрасіў, каб яго накіравалі на фронт. Шахавец. // Даць прызначэнне куды‑н., у якасці каго‑н. Накіраваць на працу ў школу. □ [Арлоўскі] не змірыўся са становішчам пенсіянера, пайшоў у абком партыі і папрасіў даць яму работу на баявым участку — накіраваць яго старшынёю калгаса. Паслядовіч.

4. Адрасаваць куды‑н. Накіраваць паперу ў міністэрства.

5. Даючы парады, навучыць чаму‑н. добраму. Накіраваць нас на шлях ісціны ўзялася жанчына. Новікаў. [Сяргей:] — Вы больш [за] усіх можаце накіраваць народ на правільны шлях. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)