мо́сцік, ‑а, м.

1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.

2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).

3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.

1. Праяўляць пяшчотнасць, любоў, ласку. [Чэсік] глядзеў, як пані старшыніха карміла грудзьмі малое дзіця, як яна лашчыла і пяшчотна цалавала Колю. Васілевіч. Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына. Лынькоў. // Пяшчотна дакранацца да каго‑, чаго‑н., гладзіць. Мне б сказаць табе той ноччу Нешта шчырае да мукі; Цалаваць да болю вочы, Вусны піць і лашчыць рукі. Панчанка. — Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала .. [Ядвіся] і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. Колас.

2. перан. Песціць, выклікаць прыемнае адчуванне. Сонца лашчыць твар. □ А калі дарога нырне ў доўгі лес, густое, прыветнае зацішша лашчыць душу, гоіць яе раны... Пестрак.

•••

Лашчыць вока — мець прывабны выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круг, ‑а, М крузе; мн. кругі, ‑оў; м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю. Вылічыць плошчу круга. // Шлях руху каго‑, чаго‑н., падобны на акружнасць. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // Шлях аратага або сельскагаспадарчай машыны па ўсяму полю і назад да месца адпраўкі. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарам. Бялевіч.

2. Круглы ўчастак якой‑н. паверхні. Правільны круг сажалкі абсаджаны маліннікам. Бядуля. // Такі ўчастак, абмежаваны замкнутым ланцужком людзей. [Хруцкі] выходзіў на цесны круг і так выбіваў барыню, што неўзабаве ў яго на спіне выступала потная пляма. Парахневіч.

3. Прадмет, падобны па форме да круга або кола. Выратавальны круг. □ [Шашура] палажыў на калені Крыўца булку хлеба і круг каўбас[ы]. Мележ. // Прыстасаванне спецыяльнага прызначэння ў выглядзе пляцоўкі круглай або авальнай формы. Паравозны круг. Ганчарны круг. // Замкнуты ланцужок людзей, размешчаных адзін каля аднаго. Стаць у круг. □ Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч. // Хвалі, якія разыходзяцца па акружнасці ад цэнтра. Кінеш камень, знікне ў вадзе, а кругі ідуць і заміраюць... Дубоўка.

4. перан.; чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі вычэрпваецца што‑н. Першы круг шахматнага турніра. // Пералік, аб’ём чаго‑н. Круг абавязкаў. Круг ведаў.

5. перан.; чаго. Тое, што і кола (у 6 знач.). Круг дзейнасці.

6. перан.; каго або які. Тое, што і кола (у 7 знач.). Увайшоў у дом, у круг сямейны, Як ўваходзяць сваякі. Пысін.

•••

Квадратура круга гл. квадратура.

Круг кровазвароту — замкнуты шлях руху крыві ў арганізме.

Палярны круг — паралель, якая праходзіць на 66″ 33′ ад экватара на Поўнач або на Поўдзень і лічыцца граніцай халоднага кліматычнага пояса.

Даць круг гл. даць.

Зрэзаць круг гл. зрэзаць.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго‑н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — у вачах у каго‑н. цямнее (пацямнела) ад стомы, слабасці і пад.

На круг — у сярэднім, па прыблізных падліках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Ціскам зменшыць аб’ём чаго‑н.; згусціць. Сціснуць гаручую сумесь пад поршнем. □ Бацька сажмурыўся і тут жа спытаў: — А што, калі мы сціснем самі сценкі? А? Зробім іх танчэйшымі сантыметраў на пяць — восем. Карпаў. // Разм. Скараціць. Сціснуць тэрміны будаўніцтва.

2. Здушыць. Сціснуць у натоўпе. Сціснуць у перапоўненым вагоне.

3. Моцна, шчыльна абхапіць каго‑, што‑н. Сціснуць у абдымках. □ [Таня] моцна сціснула дзіця, і яно зноў расплакалася. Шамякін. [Старая] сціснула рукамі скроні і заплакала. Чорны. Наручнікі, што скінуць ён жадаў, Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці, І рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў. Сіпакоў. // Узяўшы, моцна трымаць што‑н. (у руках, зубах). Пасуровеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Лынькоў. [Ева:] — Ну, адно [цяля] хутка навучыцца піць, а ў другога і дзясны зацвярдзеюць, а яно не ўмее. Сцісне другі раз дзяснамі палец... Палтаран. Карага моцна сціснуў у руках сваю вінтоўку. Колас. // Шчыльна акружыць, абступіць з усіх бакоў. Людзі зноў сціснулі круг: здалёку ж не ўгледзіш, як ходзяць у чалавека ногі. Пташнікаў. Аўтаматчыкі сціснулі кальцо вакол трайчапцаў, і афіцэр праз перакладчыка спытаў: — Дзе партызаны? Пальчэўскі. // Звузіць якую‑н. прастору; сцясніць. [Піліп:] — Куды ні ступі, усё панскае... Сціснулі гэтых мужыкоў так, што і нікнуць нельга. Чарнышэвіч. І неўзабаве, як толькі асталіся ззаду паплавы, а раку сціснулі паміж сабой падмытыя абрывістыя берагі, туману зусім не стала. Чыгрынаў. // перан. Заглушыць, прыглушыць. І Агапа сціснула ў сабе ўласніцкія матчыны жаданні, аддала іх на ахвяру маладога кахання. Мурашка. Віктар як мага сціснуў у сабе раптоўную радасць і прыжмурыў вочы ў страшэнна дзелавітай развазе. Зарэцкі.

4. Здушыць, сцясніць (горла, грудзі). Спазмы моцна і балюча сціснулі Косцева горла, ён памкнуўся нешта сказаць, але адчуў, што не мае сілы. Адамчык. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Хвядос глянуў на ўнучка, на дзяўчынку, на Апанасіху, і ў горле яго сціснула, як абцугамі. Скрыпка. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, у сэрцы). Нядобрае прадчуванне сціснула .. сэрца [Максіма]. Машара.

5. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). Доктар сціснуў губы і працёр акуляры. Чорны. Андрэй сціснуў зубы і не адказаў. Чарнышэвіч. Лявон сціснуў у кулак вузлаватыя жалезныя пальцы і, строга гледзячы на хлопцаў, паўтарыў: — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек. Б. Стральцоў. // Насупіўшыся, зблізіць (бровы). Вольга па хвіліну сціснула бровы і прыкрыла вочы... Пестрак.

6. Схапіць, працяць (марозам, холадам). Зямлю сціснуў мароз. □ Холад на імгненне сціснуў .. [Сяргея] у сваіх абдымках, сухое калючае паветра зацяло дыханне. Шыцік. // Прыціснуць (пра мароз). [Мірон:] — Віна добрая.. Глядзі, якое здаровае зерне. Яе толькі малаціць трэба, калі ўжо крыху сцісне марозік... Скрыган.

•••

Сціснуўшы зубы — тое, што і сцяўшы зубы (гл. сцяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)