прысаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.

Разм. Папракнуць, каб выклікаць у каго‑н. пачуццё сораму, раскаяння. — Майце на ўвазе: сустрэну гэту Шарупічаву вяртуху — я яе прысаромлю, я ёй адаб’ю ахвоту круціць падалом. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папікну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго.

Выказаць каму‑н. нездавальненне, дакор; папракнуць. Настаўнік папікнуў сябе за легкадумнасць. Колас. Алесь упершыню асмеліўся папікнуць Лену: — Навошта чапаць тое, што мне самому брыдка ўспомніць? Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́ціць, -ва́чу, -ва́ціш, -ва́ціць; -ва́чаны; зак., каго-што.

1. Палічыць каго-н. вінаватым у чым-н., папракнуць за што-н.

А. у няшчырасці.

2. Устанавіць віну каго-н. у судовым парадку; лічачы вінаватым, прыцягнуць да судовага разбору.

|| незак. абвінава́чваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. абвінава́чванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

упячы́, упяку́, упячэ́ш, упячэ́; упячо́м, упечаце́, упяку́ць; упёк, упякла́, -ло́; упячы́; упе́чаны; зак.

1. што. Спячы, добра прапячы.

У. хлеб.

2. каго (што). Адправіць куды-н. супраць волі; зняволіць (разм.).

У. ў глуш.

У. ў турму.

3. каго. Папракнуць, з’едліва сказаць што-н. каму-н. (разм.).

У. каго-н. на сходзе.

4. што. Марна патраціць (разм.).

Упяклі столькі грошай.

|| незак. упяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пекану́ць1 (пікану́ць, пе́кнуць), ’сунуць чым-небудзь запалёным у каго-небудзь’ (Нас.) ’хутка даткнуцца гарачым жалезам; хутка ўджаліць’ (Шат.), сюды ж ’абдаць цяплом’ (Нас.); ’ударыць, грукнуць, ляснуць, сцёбнуць, агрэць, моцна выцяць бізуном’ (Нас., Растарг., ТС, Ян.; карм., Мат. Гом.). Да пе́каць1 (гл.).

Пекану́ць2папракнуць’ (Нас.). Да пе́каць ’папракаць’. Відаць, балтызм. Параўн. літ. peĩkti ’ганьбаваць, знеслаўляць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́ўпацца, со́впатысь ‘сноўдацца, совацца’, совпну́тысь ‘таркануцца, усунуцца’ (Сл. Брэс.), со́впатыся ‘соўгацца, таптацца’ (пін., Нар. лекс.). Укр. палес. со́впатис ‘цягнуцца па снезе або балоце’, совпну́ти ‘торкнуць’, перан. ‘папракнуць’, совпну́тысь ‘торкнуцца, штурхнуцца’. Анікін (Этимология–1982, 67) узнаўляе прасл. *sъlpati sę, *sъlpnǫti (sę) на аснове семантычнага паралелізму польск. wytknąć (język, palec) ‘вытаркнуць (язык)’ і wysalapić (język) як сіноніма гэтага выразу; далей гл. салупаць. Менш пераканаўча ЕСУМ (5, 343), дзе мяркуецца аб кантамінацыі со́вати або совгати і човпти ‘чаўпці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даказа́ць ’даказаць, давесці’, ’дагаварыць’. З аналагічнымі значэннямі гэты дзеяслоў адзначаецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. доказа́ть ’даказаць, давесці’, дыял. доказа́ть ’дагаварыць, паведаміць аб чым-н.; вытлумачыць і г. д.’, укр. доказа́ти ’дагаварыць, папракнуць, абвінаваціць і да т. п.’, чэш. dokázati ’даказаць, пацвердзіць, дабіцца; дагаварыць; выканаць, зрабіць і г. д.’, славац. dokázať ’даказаць, выканаць, зрабіць’, балг. дока́жа ’дагаварыць; даказаць’, макед. докаже ’даказаць; дагаварыць’, серб.-харв. дока́зати ’растлумачыць; данесці, выдаць; пераканаць і г. д.’ Лічыцца прасл. утварэннем: *dokazati (з прэфіксам *do‑ ад дзеяслова *kazati ’даказваць, гаварыць’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 57–58; Фасмер, 2, 159; Брукнер, 223; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упячы́, упяку, упячэш, упячэ; упячом, упечаце, упякуць; пр. упёк, упякла, ‑ло; заг. упячы; зак.

1. што. Спячы; добра прапячы. Упячы хлеб.

2. каго. Разм. Адправіць куды‑н. супраць волі. У польскай арміі.. [Максіма] ў страявую часць не ўзялі, а ўпяклі ў санітарны батальён. Машара. // Пасадзіць у турму, зняволіць. — Ды не! — запярэчыў .. [Лабановіч] сам сабе. — Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Колас. [Антось:] — Эх ты, чалавек — на галаве шапка! На каго ж ты пойдзеш са скаргай? На роднага брата! Табе будзе добра, як яго ў каталажку ўпякуць? С. Александровіч.

3. каго. Разм. Папракнуць каго‑н., з’едліва сказаць што‑н. каму‑н. — Мала ж ты каму верыш! — упёк.. [Башлыкова] хтосьці з залы, голасна, злосна. Мележ. Кожнае Званцова слова здавалася .. [Макару] зручным, каб упячы і яго, і Ёсіпа. Дуброўскі.

4. што. Разм. Марна патраціць, выдаткаваць. Паказальную кашару будавалі! — грошы ўпяклі, а карысці ніякай. Асіпенка.

5. па чым. Разм. Выцяць каго‑н. З усяго размаху ўпёк па спіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)