Прычо́лак1 ’скат чатырохскатнай страхі над папярочнай сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.), прычо́лак, прічо́лок, прычо́лкі ’сярэдні скат трохсотай страхі, звычайна з задняга боку будынка’, ’страха над тарцовай сцяной будынка’ (ельск., Шушк.; ТС), прычі́лок, прычо́лак, прычо́лкі ’франтон’ (іван., нараўл., гродз., ДАБМ, 778), прычо́лак ’закот (з саломы, дошак, шыферу)’ (Ян.), ’франтонная частка страхі’, ’ніжняя частка франтона’ (карэліц., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.), ’частка страхі, якая звісае над сцяной; напуск, стрэшка (з саломы)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), прычо́лак ’вільчык’ (лід., барыс., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), прычі́лок ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. приче́лок, дыял. паўдн. ’франтон; выступ франтона’; ’скат страхі, даху’; ’тарцовы бок сцірты’; укр. причі́лок ’бакавая сцяна хаты; бок страхі, франтон’; ’бакавая сценка куфра’, польск. przyczółek ’франтон’, славен. pričélek ’гладкая паверхня каменя на сячэнні’. Прэфіксальна-суфіксальны дэрыват ад чало́ (гл.). Параўн. Банькоўскі, 2, 931.

Прычо́лак2 ’выступ каля коміна печы’ (Сцяшк.). Далейшае развіццё семантыкі ў прычо́лак ’прыбудова, прысценак, трысцень’ (ТС). Рус. дыял. приче́лок ’выступ каля коміна печы’; ’палічка пры ўваходзе ў камору са спускам у склеп, якая знаходзіцца каля печы’ і г. д., укр. причі́лок ’край, канец чаго-небудзь’. Этымалагічна тое ж, што і прычолак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпо́л ’ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Шн. 2, Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ; ТС), перан. ’калені’ (віл., іўеў., чэрв., Сл. ПЗБ), прыпо́лле ’прыпол’ (Гарэц., Байк. і Некр.; Мат. Гом.), пры́пал ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж лексемы, якія працягваюць адзначаную семантыку: прыпо́л, прыпо́лле ’аб’ём таго, што можна пакласці ў прыпол ці фартух’ (Нас.), ’мера пры куплі-продажы’ (Інстр. 3). Рус. при́по́л ’крысо адзення; падол’, ’крысо адзення, падол, у які што-небудзь пакладзена’, припо́л ’колькасць чаго-небудзь, якая змяшчаецца ў падоле’, укр. припі́л ’полка ці крысо адзення, згорнутая такім чынам, каб у іх можна было пакласці што-небудзь’, польск. przypole ’фартух’. Ад пры‑ і пала́, гл. Першапачаткова прыпо́л, магчыма, абазначаў пярэдняе палотнішча спадніцы, калі яе рабілі з чатырох нашытых частак, накшталт панёвы; гл., напрыклад, Малчанава, Мат. культ., 140 і наст. Гэта была частка, якая знаходзілася пры по́лах і выкарыстоўвалася, калі ў яе трэба было пакласці што-небудзь; адсюль і пазнейшыя пераносныя значэнні.

Прыпо́л2 ’частка сахі, перакладная паліца’ (Др.-Падб., Гарэц.), прыпо́лак ’паліца ў сасе’ (Бяльк.; вільн., узд., Сл. ПЗБ), пріпо́лок ’тс’ (петрык., ельск., Маш., Выг.). Рус. смал. припо́лок ’невялікая паліца; палічка ў сасе для лепшага адвалу зямлі’. Утварэнне ад паліца (гл.) з адсячэннем суф. ‑іца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)