пало́к, ‑лка, м.
1. Нары паміж печчу і ложкам або паміж печчу і супрацьлеглай сцяной уздоўж глухой сцяны ў сялянскай хаце. Нявестка, памыўшы посуд, прылягла на палку пры печы. Мыслівец. Усе распраналіся, клалі адзежу на палок ля печы ў адну кучу, рассаджваліся. Гаўрылкін. // Тое, што і пол 2 (у 1 знач.). Пры печы туляцца палаці, Уздоўж сцяны стаіць палок. Колас. Ад печы да супрацьлеглай сцяны быў пасланы палок з дошчак, засланы коўдрамі. Галавач.
2. Памост у лазні, на якім парацца. На палку, дзе звычайна парацца, гарыць свечка. Навуменка.
3. Спец. Падвесная платформа, з якой вядзецца будаўніцтва ствалоў шахт, руднікоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прыва́л ’прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу’ (ТСБМ): лежа́ць у прывал ’доўга вылежвацца’ (ТС), прыва́лка ’месца для прыпынку ў дарозе, прывал’ (Нас.), прыва́л, прыва́лак ’пагорак; высокі бераг’ (мядз., Нар. сл.; брасл., Сл. ПЗБ), прыва́лак ’нізкае месца ў канцы загона’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), прыва́лак, пры́валок, пры́ве́лок ’прымурак — выступ печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь’ (Буз., ТС), ’прымастка, палаці каля печы’ (Сцяшк., Сл. рэг. лекс.), ’дошка, прыбітая ля печы’ (Жд.), прывале́нь ’прымак’ (гарад., Нар. лекс.). Да прывалі́ць ’прыперці, прыхіліць; прыкрыць, прыціснуць зверху, прыстаць, прычаліць (пра судна); прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці; з’явіцца, прыйсці (пра што-небудзь нечаканае або ў вялікай колькасці)’ (ТСБМ), да прасл. *privaliti, якое ад *valiti, гл. валі́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пало́ва 1, ‑ы, ж.
Разм.
1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас. Печ з палком і палаці займалі ледзь не палову хаты. Галавач.
2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежка часу і пад. Яшчэ была толькі палова верасня, а надыход зімы ў тайзе ўжо добра адчуваўся. Мяжэвіч. // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Гадзіннік паказваў палову пятай. Арабей. У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў.
3. Асобная частка жылога памяшкання. [Нявестка] паклікала нас у другую палову дома і гэтым спыніла нашу гутарку. В. Вольскі.
пало́ва 2, ‑ы, ж.
Рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.
1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.
2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.
3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.
4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.
5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.
6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́рскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цара, належыць яму. Царская карона. Царскі тытул. // Звязаны роднаснымі адносінамі з царом. Тут паказвалі на князёўну царскай крыві — на ёй была дыядэма. Самуйлёнак.
2. Які адносіцца да палітычнага рэжыму на чале з царом. Царскае самадзяржаўе. Царскі рэжым. □ Царскае самаўладства не лічылася з духоўнымі запатрабаваннямі народа і ўсяляк перашкаджала развіццю беларускай культуры, друкаванню кніг на роднай мове, не прызнавала нават і існавання самой мовы беларусаў. Суднік. Калісьці даўняю часінай, Пад царскім гнётам і ярмом Мая цудоўная краіна Была магілай і турмой. Глебка. // Звязаны з перыядам царызму. А ён [Сяргей Карага], па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянні па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна... Колас. // Які мае такі палітычны рэжым. Была Расія царскіх дзён, А дні былі, як ночы; Душыў бязлітасны прыгон. Купала. // Пра грошы царскіх часоў. Пакуль Міхась корпаўся, завязваючы ў клунак сваю цывільную вопратку, да яго падышоў Крываручка і ціхачом дастаў з кішэні дзве царскія сторублёўкі, усунуў яму ў кішэню. — Гэта ад мяне перадай. Машара.
3. перан. Вельмі багаты, раскошны; як у цара. — Ідзі запрагай каня, — сказаў Ян, — і прыязджай забіраць лён. — У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі. Чарнышэвіч. [Бацька:] — Сёння ў нас, маці, царская вячэра! Гамолка. І вінаграднік, ветрам абласканы, Спяліў пад небам царскія плады. Чэрня. / у жарт. ужыв. [Коля:] — Трэба зрабіць палаці, нацягаць туды травы, густа выкласці, і пасцеля, брат, будзе царская. Спі і радуйся. Ставер. — Вядома, работа не царская, — пажартаваў .. [Сцяпан], з крэктам узнімаючы рыдлёўку, — але грашавітая. Савіцкі.
•••
Царская гарэлка гл. гарэлка.
Царскія дзверы гл. дзверы.
Царскі абед гл. абед.
Царскі стол гл. стол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)