падбі́ць¹, -даб’ю́, -даб’е́ш, -даб’е́; -даб’ём, -даб’яце́, -даб’ю́ць; падбі́; -і́ты; зак.

1. што. Прыбіць да чаго-н. знізу, прышыць спадыспаду.

П. у ботах падэшвы.

П. паліто футрам.

2. што. Убіць, забіць глыбей.

П. цвікі.

3. каго-што. Ударыўшы, стрэліўшы, прымусіць упасці, вывесці са строю.

П. зайца.

П. танк.

4. што. Ударам пашкодзіць, параніць.

П. вока.

Падбіць вынік (баланс) (разм.) — падсумаваць, падвесці вынікі.

|| незак. падбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. падбі́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (да 1 знач.) і падбо́йка, -і, ДМ -йцы, ж. (да 1 знач.).

|| прым. падбо́йны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.) і падбо́ечны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. падвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. падвядзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; даставіць куды‑н. Падвесці таварыша да знаёмых. □ Што тут робіцца? — недаўменна запытаў Лабановіч. Пісар узяў настаўніка за руку і падвёў да дзвярэй пакойчыка. Колас. Міколку і дзеда старанна абшукалі.. Абодвух падвялі да палкоўніка. Лынькоў. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Наблізіць адзін прадмет да другога. Падвёў [Змітрок] разец да дэталі і з-пад яго закучаравілася сталёвая стружка. Ваданосаў. // Дапамагчы ісці, дайсці каму‑н. Падвесці сляпога па дарозе.

2. Давесці пабудову чаго‑н. да патрэбнага месца, узроўню; падключыць да чаго‑н. Пачалі будаваць.. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай кончаць да лета. Пташнікаў. [Газ] пакуль што прывозяць звадкаваны, у балонах, але з цягам часу падвядуць прыродны. Ермаловіч.

3. Падкласці, падставіць пад што‑н. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці гадваліны, перабраць сцены. Мележ. Скранулася махавое кола, Мікола з Хведарам падвялі пад яго пас, пакінулі, ён зачапіўся, папоўз, правісаючы пасярэдзіне. Кудравец. // Пабудаваць, размясціць пад чым‑н. Падвесці фундамент.

4. перан. Даць тэарэтычнае абгрунтаванне, падшукаць доказы. Што значыць даць «азначэнне»? Гэта значыць перш за ўсё падвесці данае паняцце пад іншае, больш шырокае. Ленін. // Накіраваць гутарку на патрэбную тэму; прывесці да разумення чаго‑н. Падвесці да самастойнага вываду. □ Павел Паўлавіч пачаў, праўда, крыху здалёк, але падвёў да галоўнага ўдала, умела. Шамякін. // Падагнаць пад што‑н., падпарадкаваць чаму‑н. Што і казаць, умеў Казік падвесці пад усякую дробязь «вялікую палітыку». Сачанка.

5. Разм. Сваімі дзеяннямі, словамі нанесці шкоду каму‑н., паставіць у няёмкае становішча; абмануць каго‑н. [Крушынін:] Я веру і Ваяводзіну і Сасноўскаму. Гатоў з імі ісці ў любы бой, не падвядуць. Гурскі. Было вельмі балюча, што хлопец не стрымаў слова, падвёў. Сапрыка. // Не апраўдаць чыіх‑н. надзей, спадзяванняў. [Рыгор Андрэевіч:] — Машына падвяла трохі. Узялі напракат, а яна сапсавалася на паўдарозе. Пальчэўскі. Мікалая [у авіяшколу] не прынялі. Не прынялі! І на будучыню не было ніякай надзеі. Падвяло сэрца. Мележ. // Сваімі дзеяннямі дабіцца чаго‑н. непрыемнага, дрэннага для каго‑н. Падвесці суседа пад суд.

6. Абагуліўшы, зрабіць вывады; падлічыць. — Зразумела, — падвёў вынік Гарачун. — Ідэя ўсім падабаецца. Шахавец. Трэба было падвесці вынікі барацьбы і падумаць аб заўтрашнім дні. Пестрак.

7. Падмаляваць, зрабіць больш яркім, выразным. Падвесці бровы.

•••

Жывот падвяло — тое, што і жывот падцягнула (гл. падцягнуць).

Падвесці вочы — тое, што і закаціць вочы (гл. закаціць).

Падвесці пад абух каго — загубіць.

Падвесці пад манастыр каго — паставіць у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча; падмануць.

Падвесці рысу — закончыць, спыніць што‑н., падсумаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)