дурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Забаўляцца, сваволіць, дурыцца. Некалькі хлапчукоў-падлеткаў дурэлі, ганяючыся адзін за адным на прасторным ганку клуба, асветленым гірляндай электралямпачак. Хадкевіч. — Ну, Ігнат, глядзі, брат, Не дурэй, вучыся. Колас.
2. Разм. Прыходзіць у стан адурэння; ачмурацца. Дурэць ад пахаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
негатыві́зм, ‑у, м.
Спец.
1. У медыцыне — адзін з сімптомаў расстройства вышэйшай нервовай дзейнасці, які праяўляецца ў бяссэнсавым супраціўленні знешнім уздзеянням.
2. У псіхалогіі — нематываванае імкненне дзейнічаць насуперак. Негатывізм падлеткаў.
3. Адмаўленне чаго‑н.; адмоўныя адносіны да чаго‑н. (без якога‑н. станоўчага сцвярджэння).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкра́сціся, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; ‑крадзёмся, ‑крадзяцеся; пр. ‑краўся, ‑кралася; зак.
Наблізіцца, падысці крадком, непрыкметна, паціху. [Рыль] туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Колас. Аднойчы да калючай агароджы лагера падкраліся трое падлеткаў. Новікаў. // Надысці, настаць неўзаметку (аб здарэннях, з’явах і пад.). Падкралася старасць. Падкралася восень. Падкраўся страх. □ Паволі і непрыкметна падкраўся вечар. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падле́так, ‑тка, м.
Хлопчык або дзяўчынка ў пераходным ад дзяцінства да юнацтва ўзросце (ад 12 да 16 гадоў). Каля вогнішча сабралася дзятвы і падлеткаў мала што не з ўсяе вёскі. Васілевіч. Сёння вярнуўся з лесу малодшы Міхасёў брат Мікола, падлетак гадоў дванаццаці. Машара. Партызанскі разведчык, хоць ён і падлетак, павінен быць гатовы да ўсяго. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таўкатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.
2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажыве́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да спажыўца. Спажывецкі попыт.
2. Які служыць для задавальнення якіх‑н. патрэб. Спажывецкія тавары. Спажывецкая кааперацыя. □ Тут некалі былі склады раённага спажывецкага саюза. Лынькоў.
3. перан. Характэрны для чалавека, які імкнецца задаволіць толькі ўласныя патрэбы. Адкуль усё-такі ў некаторых падлеткаў спажывецкія адносіны да жыцця? «Маладосць». Стафанковіч выхаваў свайго сына эгаістам, сябелюбцам, чалавекам са спажывецкімі адносінамі да жыцця. Луфераў.
•••
Спажывецкая вартасць гл. вартасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ю́ны, ‑ая, ‑ае.
Вельмі малады, у маладых гадах (пра чалавека). На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Малалетні (пра дзяцей, падлеткаў — удзельнікаў якіх‑н. гурткоў, аматараў якога‑н. віду мастацтва і пад.). Юны тэхнік. Юны натураліст. // перан. Які толькі што з’явіўся, нядаўна пачаў існаваць, дзейнічаць і пад. Вечарамі самы юны горад нашай рэспублікі заліты электрычнымі агнямі. Грахоўскі.
•••
Юны ленінец гл. ленінец.
Юны піянер — тое, што і піянер (у 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Разм.
1. над чым і без дап. Рабіць што‑н. складанае, незвычайнае; прыдумваць што‑н. Два гады Анатоль мудраваў над разцамі, заходзіў у тупік і зноў, як апантаны, браўся за новае. Асіпенка. Трое хлапчукоў-падлеткаў мудравалі над вялікай і прыгожай мадэллю самалёта. Ракітны.
2. Залішне ўскладняць якую‑н. справу. Ганька за сталом доўга не мудруе. Раз-раз алюмініевай лыжкай .. — і неўзабаве па ўсёй поліўцы. А затым і па кашы! Васілевіч. // Хітрыць. — Мудруеш, ты Язэп, — гаворыць нарэшце [Максімка]. Не, не мудруе Язэп.. Не жыў бы ён у тым доміку фінскім. Не прывык бы. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бліску́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які бліскае, ззяе, вылучае святло, прамені. Па шкляным цёмна-сінім небе мігцяць зоркі — буйныя, бліскучыя. Бядуля. Высока ўзняўшы ўгару рукі, маладая жанчына вешала на.. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. // Які свеціцца, блішчыць, выяўляючы ўнутраны стан чалавека (пра вочы). У той жа міг да нас падбегла двое падлеткаў, хлапчук і дзяўчынка, разгарачаныя, з бліскучымі вачамі. Краўчанка.
2. перан. Вельмі добры. Парадныя залы ў Белавежскім палацы былі прыведзены ў бездакорны, бліскучы парадак. В. Вольскі. Прыбыўшы .. [на заставу] чатыры месяцы таму назад, маёр застаў жыллёвыя ўмовы далёка не бліскучымі. Брыль. // З вельмі добрай знешнасцю, шыкоўна апрануты. Пераступіў парог [Сашка], бліскучы і жыццярадасны. Чорны. // Выдатны, надзвычайны. Бліскучыя поспехі. Бліскучы аналіз фактаў. □ Маркс і Энгельс выхавалі бліскучую плеяду пралетарскіх рэвалюцыянераў. «Звязда». [Бутылін:] — Ручаюся, праз тры гады.. [Іванова] сама ў нашым жа інстытуце будзе чытаць бліскучыя лекцыі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спуск, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. спускаць — спусціць (у 1–3, 6–8 і 11 знач.) і спускацца — спусціцца (у 1, 2 і 5 знач.).
2. ‑а. Месца, па якім спускаюцца ўніз, нахіленая плоскасць. Найгорш было сыходзіць на крутым спуску каля суседняй вуліцы. Пальчэўскі. Са свістам і галёканнем праходзіла чарада гарадскіх падлеткаў, шукаючы спуска да ракі. Ракітны.
3. ‑а. Кручок у агнястрэльнай зброі, які націскаюць пальцам, каб зрабіць выстрал; спускавы кручок. // Прыстасаванне ў фота- і кінаапараце для адкрывання затвора аб’ектыва.
4. ‑а. Сталярная прылада з доўгай калодкай для выраўноўвання паверхні; фуганак.
5. ‑а. Спец. Пропуск у верхняй частцы старонкі перад пачаткам раздзела кнігі.
6. ‑а. Спец. Расстаноўка звярстаных палос набору ў такім парадку, які забяспечвае правільную паслядоўнасць старонак.
•••
Не даць спуску каму гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)