Няўзна́кі ’непрыкметна’ (Сцяшк.), неўзнакі́ ’тс’ (Варл.), няўзна́ч ’часам; ціха, непрыкметна; няўцям’, няўзна́чку ’непрыкметна’ (Нас.), неўзнаце́йку ’нечакана’ (Касп.). Да знак, знаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зайздро́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да зайздрасці; з пачуццём зайздрасці. Зайздроснаму Варвону было няўцям, што шчасцем Плюндрыка было яго няшчасце. Вітка. // Які выражае зайздрасць. Зайздросны позірк.
2. Надта добры, здольны абудзіць зайздрасць. Зайздросны лёс. □ Была зайздроснай Саўкі доля, Бо гэткіх конюхаў, як ён, Ніхто не знаў у наваколлі: Ім ганарыўся ўвесь раён! Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўпрыця́м, прысл.
Разм.
1. Непрыкметна; неўзаметку. З сарамлівай дзяўчынкі.., невясёлае маленства якой ахоўвалі партызанскія заставы, пасля перамогі зусім неяк неўпрыцям вырасла Люда. Брыль. Ужо на світанні.. [Іван] не ўтрымаўся і неўпрыцям задрамаў, уткнуўшы твар у калені. Быкаў.
2. Няўцям, не прыйшло ў галаву. — А ты любіш чытаць? — пытаецца майстар .. Яму, відаць, зусім неўпрыцям, што гэтым пытаннем, ён закрануў найбольш жывое месца ў душы свайго памочніка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)