бліско́тны, ‑ая, ‑ае.

Які бліскаціць, пераліваючыся, іскрыцца. А ноч — то стрымае хмарку, каб тут пахадзіла. То бліскотнаю зоркай з вышыняў махне. Кірэенка. [Васіль] з нейкай злосцю павёў касою. Мокрая, бліскотная трава пакорліва, амаль нячутна легла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кажа́н, ‑а, м.

Начная млекакормячая жывёліна з шырокімі перапончатымі крыламі; лятучая мыш. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль. А ў цёмных хадах, з сярэдзіны, вяліся кажаны, якіх мы таксама лічылі за птушак. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца мутным, невыразным (пра вочы). У Вераб’я ўжо салавелі вочы. Пестрак.

2. Рабіцца вялым, санлівым ад зморанасці, ап’янення. Позірк салавеў. / у паэт. ужыв. Раствараюся нячутна ў тумане і ад песень салаўіных салавею. Свірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слізго́та, ‑ы, ДМ ‑гоце, ж.

Разм. Слізкасць, абледзянеласць чаго‑н. Выбраліся на абледзянелы дашчаны тратуар, пабрылі ўсцяж вуліцы. Макрэча, слізгота. Навуменка. Я чую, як шумяць .. хвоі, як падаюць шышкі, і ногі нячутна ступаюць па мяккай слізгоце шыпулек. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вісо́к, ‑ска, м.

Тое, што і скронь. Вузкая.. пасма чорных валасоў, выбіўшыся з-пад шапкі, прыліпла каля правага віска. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] А старасць не жджэ. Яна, подлая, памаленьку, нячутна падкрадваецца. Вунь і ў вас ужо серабро на вісках. [Чарнавус:] Ёсць-такі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́ха, прысл.

Абл.

1. Ціха, нягучна. Як прыходзіў Бандарэнка, А з ім — Бандарыха. Галасілі над дачушкай, Галасілі сціха. Купала. — Скажы ты... — загаварыў Махорка да Насты, сціха, як шаптаў. Пташнікаў. // Нячутна, не робячы шуму. Ён [Гусляр] падаўся сціха да акна. Лойка.

2. Незаўважна для іншых, тайна. Прабраліся б сціха на насып. Ад мосціка ў трох кіламетрах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

муро́г, ‑рагу, м.

1. Сухадольная трава высокай кармавой якасці. [Карн] пайшоў па мяжы назад, нячутна ступаючы босымі нагамі па мяккаму мурагу сцежкі. Шамякін. Выбраўшыся на грудок, [каровы] прагна прыпадаюць да смачнага роснага мурагу. Васілевіч. // Разм. Мурожная сенажаць. Налева, куды нясла сваю ваду.. [рэчка], цягнуліся даўжэразныя панскія мурагі. Гартны.

2. Сена з такой травы. Травы перастаялі. Ужо даўно тут павінны былі звінець косы, гучаць песні, расці копы свежага духмянага мурагу. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сець, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і сетка (у 1–3 і 6 знач.). Сець гатова ўжо ў рыбака І агледжаны леташні човен. Астрэйка. Смех гэткі маюць толькі дзеці Ды людзі з яснаю душой; І ён, як жа[ў]ранак той, Звінеў і ўжо кахання сеці Нячутна нішчыў. Багдановіч. Ён [свабодны голас] праз дратоў калючых сеці, Як сонца свет, пераліецца На шыр палёў, на край дарог... Танк. Дождж сеці светлыя развесіў, Разлінаваўшы далягляд. Прануза. [Брыль:] — Краіна пакрываецца сеццю электрастанцый і ўзнікаюць волаты-заводы, фабрыкі і цэлыя гарады. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.

3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.

1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.

2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)