сту́дыя, ‑і, ж.

1. Майстэрня мастака або скульптара.

2. Школа для падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў, артыстаў, дзе вучэбныя заняткі спалучаюцца з творчай практыкай. Студыя выяўленчага мастацтва. Оперная студыя. □ [Пісьмы Саковіча] памаглі мне прайсці ўвесь нялёгкі шлях вучобы ў студыі і закончыць яе на выдатна. Рамановіч. // Творчы калектыў артыстаў, мастакоў пэўнага мастацкага напрамку.

3. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, з якога вядуцца радыё- і тэлеперадачы або ў якім праводзяцца здымкі кінафільмаў. Студыя дакументальных фільмаў. □ У цэнтры так званай малой студыі, дзе размешчана розная апаратура, ёсць невялікая пляцоўка, адкуль выступаюць дыктары. «Маладосць».

[Іт. studio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкі, -ая, -ае і цяжкі́, -а́я, -о́е.

1. Які мае вялікую вагу або з грузам вялікай вагі.

Чамадан быў вялікі і ц.

Конь ледзь цягнуў ц. воз.

2. Пазбаўлены лёгкасці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.).

Нехта набліжаўся цяжкімі крокамі.

3. Які робіць уражанне вялікай вагі; густы, непразрысты.

Цяжкія хмары.

4. Масіўны, грувасткі, вялікі.

Вуліца была забудавана цяжкімі гмахамі.

5. Які нялёгка зразумець; складаны, няясны (пра стыль, мову і пад.).

Аповесць напісана цяжкім стылем.

Ц. пераклад.

6. Моцны.

Ц. ўдар.

7. Які патрабуе высілкаў, нялёгкі для выканання; турботны, складаны.

Ц. абавязак.

Цяжкае жыццё.

Цяжкія часы.

8. Моцны, балючы, глыбокі.

Цяжкая крыўда.

Цяжкая страта.

9. Які доўга і дрэнна ператраўліваецца (пра ежу).

10. Пра ступень хваробы: моцны, небяспечны.

Цяжкая хвароба.

Ц. стан параненага.

11. Які прыносіць клопат, турботы каму-н.

Ц. характар.

12. Змрочны, невясёлы, сумны.

Ц. настрой.

Цяжкія думкі.

13. Удушлівы, непрыемны (пра паветра, пах і пад.).

Ц. дух.

Цяжкая атлетыка — комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Цяжкая прамысловасць — прамысловасць па вырабе сродкаў вытворчасці.

Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.

|| наз. ця́жкасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лёс 1, ‑у, м.

1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.

2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.

3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.

•••

Іронія лёсу гл. іронія.

На волю лёсу гл. воля.

лёс 2, ‑у, м.

Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.

[Ням. Löss.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.

2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.

3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.

4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.

5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіро́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.

2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.

3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нібы́, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца ў параўнальных зваротах і сказах пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару; па значэнню адпавядае злучніку «як». — Валенты Скіба, — назваў стары сваё імя і прозвішча, і абодва мы, нібы старыя, добрыя знаёмыя, усміхнуліся. Брыль. І гул нарастаць стаў, нібы пры абвале. Панчанка. Застыў пан Богут нерухома, Нібы прыбіў яго пярун. Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару ў значэнні злучнікаў: «быццам», «як быццам», «як быццам бы». Нібы на ўзмыленым кані, Віхор аблётвае прасторы. А. Александровіч. З.. [айцом Уладзімерам] быў Віктар і незнаёмы малады чалавек, смуглявы, мускулісты, нібы высечаны з каменя. Колас. У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі, нібы там мітусіліся якія цені, раз-пораз засцячы святло. Лынькоў. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для сувязі параўнальных зваротаў і сказаў з адценнем меркавання, сумнення; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «як бы», «нібыта». Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі. Леначка прыпала тварам да маіх грудзей, нібы хаваючы яго і ад мяне і ад сябе. Брыль. У мацеры... такія дзіўныя вочы, нібы глядзяць і не бачаць яго, яе Міколку. Лынькоў.

2. злучн. тлумачальны. Ужываецца для падпарадкавання: а) даданых азначальных сказаў. Заліты бляскам пажару, .. [панскі палац] робіць уражанне, нібы ён у агні. Колас. Паабапал дарогі старыя прысады з голым апруцянелым галлём стаяць маўклівыя і задуманыя, нібы ўспамінаюць сваю нядаўнюю летнюю прыгажосць. Крапіва; б) даданых дапаўняльных, дзейнікавых і выказнікавых сказаў. Кажуць, што немец лютуе ўжо аж пад самым Мінскам, нібы нашы адступаюць і пакінулі багата гарадоў. Лынькоў. Першае ўражанне ад саўгаса такое, нібы вы трапілі на нейкую новабудоўлю. Крапіва; в) даданых сказаў меры і ступені, характару і спосабу дзеяння. І стала [Толю] адразу чамусьці так горача, весела, добра, нібы ён фарсіраваў нейкі нялёгкі, запаветны рубеж. Брыль. [Нічыпар:] Калі разгаворыцца [Чарнавус], дык люба слухаць.. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым. Крапіва.

3. часціца. Указвае на ўмоўна-ўяўную дапушчальнасць, няўпэўненасць выказвання. Сонца пачырванела і нібы растала ў кіпелі хмар. Новікаў. Усе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь. Скрыпка. Здалёк данесліся нібы людскія галасы і зніклі, праглынутыя начным туманам. Лынькоў.

4. часціца. Указвае на наўмысны характар выказвання, неадпаведнасць яго рэальным фактам, намерам. [Даўгілыч:] — Шчасце тваё, што стары, а то я паказаў бы, як станавіцца поперак дарогі. — Макар Міхайлавіч нібы і не чуў пагрозы. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)