нейтра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да ваюючых дзяржаў. Нейтральная краіна. // Які паводле міжнароднай дагаворанасці не можа быць тэатрам ваенных дзеянняў або месцам размяшчэння войск. Нейтральныя воды. Нейтральны порт. // Нікім не занятая прастора паміж двума ваюючымі бакамі. Наша вёска знаходзілася на нічыйнай зямлі, у нейтральнай паласе. Хадкевіч. Вагон мінае памежныя слупы, праходзіць вузкую паску нейтральнай зоны і ідзе пад драўлянай аркай. Галавач.
2. перан. Які не становіцца на чый‑н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.). Заняць нейтральную пазіцыю ў спрэчках. Нейтральны наглядальнік. // Уласцівы для такога чалавека. Нейтральныя паводзіны.
3. Які не мае выразных адзнак (пра святло, колер і пад.). Святло ў Рэмбрандта ніколі не бывае рассеяным і нейтральным, яно заўсёды сканцэнтраванае, мэтанакіраванае. «Беларусь».
4. Спец. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі. Нейтральны раствор.
5. Спец. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду. Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часцінкай. «Маладосць».
[Ад лац. neuter — ні той, ні другі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасрэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы паміж кім‑н. Гандлёвы пасрэднік. □ Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца [на рынку], шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца. В. Вольскі. [Дунін-Марцінкевіч] быў пасрэднікам і хадатаем у розных людзей па справах, звязаных з атрыманнем спадчыны. С. Александровіч. З вясны 1887 года стала дзейнічаць камісія прысяжных павераных, яна выконвала функцыі пасрэдніка паміж паверанымі і акруговым судом. Г. Кісялёў.
2. Той, хто дапамагае наладзіць кантакт паміж кім‑, чым‑н. — Хачу прасіць вас, — гаворыць Драгун, — аб сустрэчы з Бондарам. Сам канцоў не знайду. — Месяц няма вестак. Не ведаю, што думаць. — Людзі тут асталіся? — Дарагі мой, пасрэднікаў не меў. Не хачу мець. Вондар знаёмы мне, як і ты. Навуменка. Бібліятэкар — жывы пасрэднік паміж чытачом і літаратурай. «Звязда». // У міжнародным праве — нейтральная дзяржава або міжнародная арганізацыя, якая спрыяе мірнаму вырашэнню канфлікту паміж дзвюма іншымі дзяржавамі.
3. Спец. Суддзя, арбітр на манеўрах.
•••
Міравы пасрэднік — пасада ў царскай Расіі, устаноўленая пасля сялянскай рэформы 1861 г. для ўладжвання зямельных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)