шара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. каго-што і па чым, у што. Нечакана, моцна, з шумам ударыць, стукнуць. І, ліха ўскочыўшы адразу ж на фурманку, Шарахнуў [Сцяпан] Караннога пугай: «Но-о! Недалуга Маеўскі. / у безас. ужыв. Загрымела блізка, і па вагону шарахнула шлакам. Ставер. // і чым. Стрэліць у каго‑, што‑н. [Бацька:] — [Спачатку] з правага бі, а тады ўжо, наўздагон, дранкулькай шарахнеш. Масарэнка. // Разграміць, разбіць (ворага). А што, калі скарыстаць такі зручны момант ды шарахнуць усю гэтую зграю адным махам? Новікаў.

2. што і чым. Рэзнуць, адрэзаць з сілай, хутка. Шарахнуць кусок булкі. □ Грыша выцер паперкай пальцы. — Родны брат касою шарахнуў [дзеда]. «Здалося яму, што Стахей залез на паўступні ў яго сенажаць. Місько. // што. Аддзяліць; адарваць. [Сурвіла:] Тады мы адразу паўмаёнтка зямлі і шарахнем. Чорны.

3. Зашумець, з шумам праляцець. Нешта шарахнула ў верхавінах сосен, і ў вушы Кляновічу неспадзявана даляцела звонкае: «Куку, ку-ку...» Пестрак.

4. Тое, што і шарахнуцца (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надалу́жыць Зэканоміць, нагнаць час’ (Сцяц.), ’пажыць добра’ (Сцяшк. Сл.), надалу́жваць ’дабаўляць’ (лях., Сл. ПЗБ), надолу́жыць ’надбавіць, задаволіць патрэбу’, надолу́жваць ’надбаўляць, дапамагаць пакрыць нястачу’ (ТС), параўн.: ja swaje nadałużu (= пакрыю, адраблю, вярну) (Пятк. 2, 192), укр. надолужити ’нагнаць, навярстаць, пакрыць, кампенсаваць, дапоўніць’, ’насаліць; надаесці’, магчыма, сюды і рус. надалуга ’гультайка’. Відаць, корань той жа, што і ў прыметніку недалугі, недалужны ’слабы, хворы’, што суадносіцца (запазычаны?) з польск. niedołężny ’тс’, dolę g а ’сіла, моц; дастатак, запас’ (варыянт dolęka звязваюць з łączyć ’лучыць’, Брукнер, 360); тады першаснае значэнне дзеяслова ’прыдбаць сілу, дастатак’. Згодна з Махэкамг (393), усе славянскія формы (чэш. nedoluźny, польск. niedołężny, укр. недалуга, рус. недолугий) даюць падставу рэканструяваць прасл. *nedolężbriъ і дзеяслоў *nedolęgati з асновай ‑lęg‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым’, што большасцю даследчыкаў лічыцца праблематычным. Найбольш блізкімі фармальна да разглядаемых усходнеславянскіх слоў з’яўляюцца славен. nadlegovati ’надаядаць, дакучаць’, nadloga ’бяда’, nadlega ’цяжкасць, прыкрасць’, на якія, на думку Бязлая, паўплывала народнаэтымалагічнае збліжэнне з *lęgti, lęźiti (Бязлай, 2, 211), чым, відаць, і тлумачыцца іх семантыка, супадаючая з усходнеславянскай толькі часткова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)