запрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запрацаваць.
2. у знач. прым. Набыты працай. Я рана навучыўся несці кнігу другім. Я ўмею ўжо аддаваць запрацаваны грош на кнігу, а пасля чытаць. Брыль. Платону з малых гадоў давялося паспрабаваць слодыч запрацаванага кавалка хлеба. Хведаровіч.
3. у знач. прым. Які запрацаваўся, стаміўся ад працяглай або цяжкай работы. Рыгор у думках паставіў сябе на месца гэтай сціплай, запрацаванай дзяўчыны. Ваданосаў. // Натруджаны (пра рукі). Вось яны [дзяўчаты] параўняліся са мною. Спазналі. А як слаўна ціснуць гэтыя жорсткія запрацаваныя рукі. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.
2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)