адгамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; зак.
Закончыць, перастаць гаманіць. Адгамоняць, бывала, школьнікі — пачынаюць сходзіцца дзядзькі-грамадаўцы і яшчэ неграмадаўцы. Таўлай. // перан. Прайсці, закончыцца (пра што‑н. шумнае, гаманлівае). Адгрукаў гром. Адгаманіла лета На мове зор малінавых і кветак. Панчанка. Даўно прайшоў з апошнім громам лівень, адгаманіў даўно на полі жнівень. Русецкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; незак.
1. Весці гаворку, размаўляць з кім‑н. Да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Гаварыць, расказваць пра што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху. Нікановіч. Сядзяць людзі-падарожнікі ды грэюцца. Стары белабароды дзед гамоніць нешта. Каваль.
2. Узнімаць гоман, шумець, гучна перагаворваючыся. На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. Мележ. За ракой гаманілі начлежнікі. Пташнікаў.
3. перан. Ствараць бязладныя гукі, шумець, гусці. А мора несціханае гамоніць, на дзюны хвалі ўспененыя гоніць. А. Вольскі. Шумяць лугавіны, разліўшы духмянасць, Гамоняць пад ветрам.. палі. Ляпёшкін. // Поўніцца, запаўняцца шумам, гоманам. Горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)