сумясці́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ме́сціцца; зак.

1. Супасці ўсімі пунктамі пры накладанні (пра лініі, фігуры).

Два трохвугольнікі сумясціліся.

2. Аказацца адначасова, сумесна існуючым у кім-, чым-н.

У характары гэтага чалавека сумясціліся самыя розныя рысы.

|| наз. сумяшчэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Мясці́цца ’ўсаджвацца’ (Бяльк., ТС), у выразе не месціцца у шкуры ’неспакойны, непаседлівы’ (Ян.). Яшчэ ст.-рус. мѣститися ’займаць месца, змяшчацца’ (XII ст.). Да ме́ста (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́сціць ’змяшчаць’ (Нас.), мясці́ць ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб.), ме́сціцца ’змяшчацца, садзіцца’ (Нас.), ’умяшчацца’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Ст.-рус. мѣстити (XII ст.), мѣститися ’тс’. Да ме́ста1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Тое, што і змясціцца. Госці ледзь памясціліся за трыма сталамі. Гроднеў. — Дык пераходзь да мяне, — шчыра прапанаваў дзед Лукаш. — Як-небудзь памесцімся. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Знайсці для сябе месца; стаць або рассесціся на месцах. Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Мележ. Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла. Ваданосаў. // Уладкавацца на жыхарства, спыніцца па прыбыцці ў якім‑н. месцы, памяшканні. Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. С. Александровіч. // Заняць сабой якое‑н. месца, прастору. Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Заняць другое месца, размясціцца ў іншым месцы. Перамясціцца на другі канец лаўкі. □ Шэя трошкі падбег, .. потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў перш на аглабіне, потым перамясціўся ў перадок. Гартны. Разам з дэлегатамі ў залу для пасяджэнняў перамясцілася шматлікая армія фотакарэспандэнтаў, работнікаў кіно і тэлебачання. Філімонаў. // Змяніць месца свайго знаходжання, перайсці, перабрацца куды‑н. Полк перамясціўся ў другі горад. □ Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́вішча, ‑а, н.

1. Памяшканне для захоўвання, зберагання чаго‑н. Гэта ямы — сховішчы бульбы на зіму. Тут ніколі нішто не расло. Пташнікаў. [Будка] проста служыць сховішчам для рознага пуцейскага інструменту. Навуменка. // Асобае памяшканне ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і пад.; гэтыя ўстановы як цэнтр сабраных каштоўнасцей. Частку Рыма займае Ватыкан, на тэрыторыі якога ў палацы з тысячы пакояў месціцца багаты музей, вялікае сховішча рэдкіх рукапісаў, карцінная галерэя. Мележ. [Павел] папрасіў бібліятэкарку не заносіць у сховішча падшыўкі. Шыцік.

2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Лес вабіў да сябе, абяцаючы прытулак, сховішча і бяспеку. Новікаў. Тут, у непралазных гушчарах, знаходзяць сабе сховішча самыя лютыя і шкодныя драпежнікі. Краўчанка.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н.; схованка. Якую цёплую спагаду адчула Міхаліна, узяўшы на дрывотні .. [лётчыка] за руку, каб у цемені правесці ў патаемнае сховішча. Пальчэўскі. Дзед Андрэй зрабіў для палітрука надзейнае сховішча. Федасеенка. А кроках у дваццаці было сховішча зброі. Гурскі.

4. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, збудаванне для ўкрыцця ад снарадаў, бомб, атрутных рэчываў і пад. У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брат, ‑а; мн. браты, ‑оў; м.

1. Кожны з сыноў у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў. Бацька.. [Марынкі], Раман Дзянісавіч, маці і малодшы брат Міша .. вячэралі. Хадкевіч. На другой палове [вагона] месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколаў старэйшы брат. Лынькоў.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, класавых інтарэсаў, становішча, умоў. Браты па класу. Браты-славяне. □ Дняпроўцы прынялі на сябе галоўны ўдар, уласнымі грудзьмі прыкрылі ўкраінскіх братоў. Шамякін.

3. Разм. Форма сяброўскага звароту да мужчыны. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў.. [шафёр] машыну. Васілевіч. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва.

4. Член рэлігійнай секты; манах.

•••

Малочны брат (сястра) — сын (дачка) мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама гэтыя дзеці ў адносінах да дзяцей мамкі.

Ваш брат — вы і на вас падобныя. [Маеўскі:] — Мы людзі навучаныя не горш за вашага брата, салдата. Бачылі і не такое. Шамякін.

На брата — на кожнага. — Наташачка, золатка, слухай мяне, — верхаводзіў Лукаш, — па дзвесце на брата. Лобан.

Наш брат — я і на мяне падобныя. Таварышы давалі наказ: «Працуй шчыра, любі людзей, не падвядзі нашага брата, журналіста». Сергіевіч.

Ні брат ні сват — зусім чужы, ніякі не родны.

Ні свата ні брата — без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто ні ад каго, ні ад чаго не залежыць, каму ўсё лёгка даецца.

Свой брат — пра чалавека аднолькавага стану і становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)