перака́т, ‑у, М ‑наце, м.

1. Працяжны перарывісты гул. Перакаты грому. □ Гул даносіўся перакатамі, то заціхаў, то ўзмацняўся. Краўчанка. І зноў рэха перакатамі, як гром, пакацілася па наваколлю. Мележ.

2. Валападобны пагорак на паверхні чаго‑н., які плаўна пераходзіць у паглыбленне. Дарога слалася перакатамі. □ Па снегавых перакатах Водгулле громам ішло. А. Александровіч.

3. Мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Дно Прыпяці часта мяняецца: у самых нечаканых месцах плынь наганяе пяску, робіць перакаты. Ракітны. Невялікая рака, вузкая і мелкая, яна мела шмат перакатаў і крутых паваротаў. Чарнышэвіч.

4. У спорце — паступовае перамяшчэнне цяжару цела з аднаго пункта на другі. Скачок з перакатам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плы́ткі, плы́ценькі ’неглыбокі, мелкі’, ’плоскі’ (ТСБМ, Сцяц., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ; Сл. Брэс., Варл.; зах.-віц., гродз., брэсц., ЛА, 4), ’палогі бераг ракі, возера’ (гродз., віл., ЛА, 2), ’нізкі, пакаты, спадзісты (пра страху)’ (Шушк.; Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ; ваўк., воран., ЛА, 4). Зах.-рус. плы́ткий ’плоскі’, польск. plytki ’неглыбокі’ (пашырылася ў паўд.-малапольск. дыялекты ад горцаў — Банькоўскі, 2, 634), чэш. plytký ’тс’ (пра ваду, раку), plétka střecha ’плоская, нізкая страха’, славац. plytký, славен. plítek ’плыткі, мелкаводны’, серб.-харв. plít(ak) ’тс’, ’павярхоўны’, макед. плиток, балг. плѝтък ’мелкі’. Прасл. *plytъkъ ’неглыбокі’, ’такі, дзе можна плаваць’, якое Скок (2, 685) выводзіць з дзеяслоўнай асновы плыць/плываць < і.-е. *plū‑/*plou̯, як і Махэк₂ (464). Банькоўскі (2, 634) для прасл. формы выводзіць значэнне ’месца, “распластанае” ў рэчышчы, дзе можна спускаць плыты, перапраўляць авечак на другі бераг’. Трубачоў (Праспект, 73) мяркуе, што прасл. plytъkъjь утварылася з формы супіна *plytъ (< *plyti, гл. плыць) і ад’ектывізуючага суфікса *‑kŏ‑; бессуфіксальная зыходная форма захавалася ў чак. plit ’неглыбокі’, каш. plit ’плоскі, тонкі’ (Борысь, Czak. stud., 121), што дае падставы для рэканструкцыі прыметніка *plytъ ’неглыбокі’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 28).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)