інсты́нкт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Прыроджаная здольнасць жывёльных арганізмаў рабіць бессвядомыя мэтанакіраваныя дзеянні ў адказ на змены ўнутранага або знешняга асяроддзя. Інстынкт самазахавання. □ Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. В. Вольскі.
2. Неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго‑н. Мацярынскі інстынкт.
3. перан. Чуццё; прадчуванне чаго‑н. З нейкага інстынкту дванаццацігадовая жанчына адразу прачнулася. Чорны. Інстынкт падказваў мне, што юнак збольшага ведае мяне. Кулакоўскі. І, разгубленая, збянтэжаная, кіруючыся хутчэй не розумам, а жаночым інстынктам, Вера Андрэеўна вырашыла мяняць тактыку. Арабей.
[Ад лац. instinctus — пабуджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жаль, ‑ю, м.
1. Пачуццё жаласці, спагады, выкліканае чыёй‑н. пакутай, няшчасцем. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах. Бядуля. Пачуццё жалю да пакрыўджанага лёсам хлопца перарастае ў пачуццё кахання. Шкраба.
2. Пачуццё горычы, смутку, тугі з прычыны страты каго‑, чаго‑н. Мацярынскі жаль. □ Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.
3. Пачуццё засмучэння, шкадавання. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравік. Скрыпка.
•••
На (вялікі) жаль (у знач. пабочн.) — ужываецца, каб выказаць шкадаванне з прычыны чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)