маскірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад маскіраваць.

2. у знач. прым. У масцы, у маскарадным касцюме.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́цьмаскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

маскірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Апранацца ў маскарадны касцюм, надзяваць маску.

2. перан. Паказваць сябе не такім, як ёсць; прытварацца, прыкідвацца. [Шыпулька] гэтак умеў прыкідвацца і маскіравацца, што нават блізкія да яго людзі нічога не заўважалі. Кулакоўскі.

3. Хавацца, скрывацца ад праціўніка пры дапамозе маскіроўкі. Партызаны, маскіруючыся за купінамі, за дрэвамі, бачылі фашыстаў, як на далоні. Шчарбатаў.

4. Зал. да маскіраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маскіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маскіраваць і маскіравацца. Шафёры выціскалі з .. [машын] апошняе, каб хутчэй ўскочыць у вёску, а там дзе-небудзь прытуліцца, навесці маскіроўку. Кулакоўскі. [Вера і Рамір] глядзелі адзін аднаму ў вочы і добра разумелі, што далікатныя прабачэнні не што іншае, як маскіроўка збянтэжанасці. Асіпенка.

2. Тое, чым маскіруюць, маскіруюцца. Вечарамі на вокнах вісела яшчэ цубкая чорная маскіроўка з папяровых аркушаў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова ⁺лічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкуватимаскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ігра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што на чым і без дап. Выконваць што‑н. на якім‑н. музычным інструменце. Іграць польку на баяне. Іграць на жалейцы. □ Машыніст іграў. Барыню змяніла лявоніха, потым пайшлі вальсы. Хомчанка. / Пра радыё, аркестр, патэфон і пад. Радыё іграе. Аркестр іграе паходны марш. // перан.; на чым. Выкарыстоўваць чые‑н. пачуцці, схільнасці і пад. для дасягнення пэўных мэт. Іграць на высакародных пачуццях.

2. Удзельнічаць у спектаклі, выступаць на сцэне, у кіно. Іграць без грыму. Іграць у п’есе. □ Яна з поспехам іграла на універсітэцкай сцэне. Васілевіч. // каго-што. Выконваць якую‑н. ролю на сцэне. Аксане даставаліся галоўныя ролі ў п’есах, а я іграў вартавых, салдат і г. д. Пянкрат. — А іграць нас трэба такімі, якімі былі мы — простымі людзьмі, адарванымі вайною ад будзённых спраў. Шчарбатаў. // што. Выконваць, ставіць на сцэне, у тэатры. Іграць п’есу «Лявоніха на арбіце». // перан. Выдаваць сябе за каго‑н.; маскіраваць свае паводзіны, замыслы. — [Маша] цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе... А ў жыцці нельга іграць! Шамякін. // перан.; на што. Садзейнічаць чаму‑н., спрыяць чаму‑н. Усе штрыхі, усе мастацкія дэталі павінны іграць на галоўную думку спектакля. Сабалеўскі.

3. Тое, што і гуляць (у 2 знач.). Іграць у карты.

4. на чым, у чым. Блішчаць, адбіваючыся ў чым‑н., ад чаго‑н. (пра святло, сонечныя прамяні і пад.). Іграе ранішняй сонца на жывой вадзе. Лынькоў. // Пералівацца рознымі колерамі. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, іграла на сонцы ўсімі колерамі. Маўр. Зялёныя шаты Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб. Звонак. // Класціся, перамяшчацца, падаць няроўнымі рухомымі блікамі, плямамі. Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны. // Знаходзіцца ў руху, то ўзнікаючы, то знікаючы. На вуснах .. [урача] іграла вясёлая ўсмешка. Шамякін.

5. Быць у бадзёрым, узбуджаным стане (пра пачуцці, уяўленні і пад.). Звініць, звініць у лузе скошаным Дзявочы спеў і — замірае. А смутак чмелем растрывожаным Яшчэ ў грудзях маіх іграе. Гаўрусёў.

•••

Іграць на біржы — займацца біржавымі спекуляцыямі.

Іграць на нервах — гнявіць, нерваваць каго‑н. чым‑н.

Іграць першую скрыпку — а) іграць у аркестры партыю першай скрыпкі; б) перан. быць галоўнай уплывовай асобай у якой‑н. справе.

Іграць ролю — мець значэнне, рабіць уплыў.

Іграць у адну дудку — быць заадно з кім‑н.

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

Кроў іграе гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)