Лічма́н1 ’ордэн’, ’медальён’ (Ян., Растарг.), лічба́н ’манета ў прывесках на каралях’ (Нас.). Укр. личма́н ’старэйшы пастух авечак’, ’буйная металічная аздоба, якую жанчыны носяць на шыі’, рус. новарас. ли́чман ’старэйшы пастух авечак’, перм. ’чалавек з крупным тварам’, бран. ’жэтон’, зах.-бран. ’ордэны, медалі’, курок., арханг. ’вельмі дробная манета’. Фасмер (4, 242–243) мяркуе, што ўкр. і рус. лексемы запазычаны з польск. liczman ’металічная бляха, пры дапамозе якой лічылі’, ’металічная бляшка, якая замяняе капейкі ў гульні’, ст.-польск. ’рахункавод’ — а гэта (ад liczyć ’лічыць’) можа быць частковай калькай лац. calculus ’каменьчык для лічэння’. Да лічы́ць (гл.). Аб суфіксе ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54). Трубачоў (Эт. сл., 15, 85) прасл. ličьmanъ выводзіць з likъ, ličiti > лічы́ць (гл.). Суфікс ‑man‑ да і.-е. *‑men‑.

Лічма́н2 ’чалавек з тварам у высыпцы і струпах’ (М. Шаховіч, в. Сакі (бельск., ПНР) // Наша ніва. № 16. 1978. С. 4) — у выніку пераносу семантыкі лічма́н1 ’круглыя металічныя манеты, якія падобны да струпоў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́нна1 ’ежа’, таксама ў выразе: манна нябесная (біблейскі, (разм.), ’манныя крупы’ (ТСБМ, смарг., Сл. ПЗБ). Укр. манна (небесна) ’тс’, рус. манна ’манна нябесная’, ст.-рус. мана, манна, маньна ’манна’, ст.-слав. ман(ъ)на; маньна (Пацлава, Paleoslov., 120). З грэч. μάννα ’ежа’, якое з арам. mannā́ ’дар, ежа’. У зах.-слав. мовах mana, manna з с.-лац. manna, якое таксама з грэч. мовы. Разглядаючы італ. manna Бацісці–Алесьё (3, 2351), дапускаюць, што біблейская манна суадносіцца з раслінай Lecanora esculenta (гл. манна2).

Ма́нна2 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.) R. Br.’, ’застылы сок гэтай і некаторых іншых раслін’ (маг., Кіс.; ТСБМ). Укр. манна, манна трава, маннова трава, польск. manna, mannianka, słodycz ’маннік’, чэш. manna, польск. manna samorodna ’расічка, Digitaria, рус. манна, славац. manna jeḋla ’манна ядомая, Lecanora esculenta’ і інш. — да прасл. mana (гл. мані́цы). Раней у жыцці старажытных славян (на Беларусі нават і ў XIX ст.) маннік шырока выкарыстоўваўся ў ежы ў выглядзе каш, а з застылага соку, які збіралі перад узыходам сонца, рабілі напіткі («мяды»), параўн. рус. мёд из манны (Махэк, Jména rostl., 280 і 294).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рман1 ‘голуб асобай пароды, які куляецца пры палёце’ (ТСБМ). Укр. ту́рман ‘тс’, рус. ту́рман ‘тс’. Цёмнае слова. Як здаецца, пэўныя падставы мае думка Фасмера (4, 124) пра гукапераймальнае паходжанне слова, параўн. рус. пск. дать ту́рмана ‘ўпасці, паляцець уніз галавой, перакуліцца’ (1858 г., СРНГ) пры тури́ть ‘кідаць з вышыні’ (гл. турнуць). Аднак большасць даследчыкаў схіляецца да ўтварэння на базе французскага дзеепрыметніка tournant ‘які абарачаецца, круціцца’ (паводле Гараева, 380: франц. tourner ‘вярцець’), гл. ЕСУМ, 5, 683; Арол, 4, 119. Ідэя перакульвання пры найменні гэтага голуба пераважае, параўн. англійскую назву бірмінгемскіх ролераў roller ад roll ‘вярцецца, катацца’, roll over ‘перакульвацца’. Паводле Сетарава (Тюрк. лекс. элем., 39), назва птушкі — цюркізм.

Ту́рман2 (ту́рмын) ‘дурань, неразвіты чалавек’ (Юрч. Фраз.), ‘дурыла, тупіца’ (мсцісл., З нар. сл.). Няясна. Параўн. польск. дыял. turman ‘дрэнь, нягоднік, марнатраўца’, turmanić ‘марнатравіць, нішчыць’, якія, відаць, ад turma ‘группа, натоўп, вайскоўцы’ (< лац. turma ‘найменшы атрад конніцы ў Старажытным Рыме’), гл. Варш. сл., 7, 171; Брукнер, 585. Аднак па лінгвагеаграфічных прычынах запазычанне менш верагоднае, чым мясцовы наватвор. Параўн. ду́рман ‘дурань’ (ТС), дурмана́й ‘тс’ (Сл. ПЗБ) як магчымыя зыходныя “звонкія” варыянты слова, утвораныя пры дапамозе суф. ман; звязана з дурны́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт. мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр. мани́ти, рус. мани́ть ’тс’, паўн. ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг. манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін. ман ’хлус’, алан., смал., укр. мана ’хлусня’, польск., в.-луж. manić, н.-луж. maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск. man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш. ‑maniti: ляш. podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац. obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел. мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́ць ’трызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін. манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр. мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус. смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг. ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг. мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск. man ’ілюзія’, серб.-харв. не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя mm > mn. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав. maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск. mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш. mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац. mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен. mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен. mama ’балбатун’, серб.-харв. ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед. мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг. ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав. мамьнъ ’дурны’, ц.-слав. мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл. manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл. формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл. majati, maxati, літ. móti, лат. māt ’махаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч. μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац. mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл. maniti будуць: ст.-інд. māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест. māyā‑, лат. mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел. мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням. mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл. mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ. mān, ст.-сакс. men ’хлусня’, ням. Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атама́н ’выбарны начальнік у казацкіх войсках або паселішчах у дарэвалюцыйнай Расіі’, ’важак, завадатар’ (БРС), атама́н (Нас.). Рус. атама́н, дыял. (в)ата́ма́н, укр. атама́н, ота́ма́н. Магчыма, што ўкраінская форма з а‑ замацавана пад рускім уплывам, а польская ataman з рускай ці беларускай, а не з украінскай. Руская і ўкраінская мовы ведаюць значэнне слова ’рыбацкі, ’пастухоў стараста’. Ст.-рус. ватаманъ, вотамманъ, отоманъ ’чалавек, які працуе на судне’ з 1294 г., пазней — атаман начальнік казачай дружыны’ (XVII ст.); польск. (да XVI ст.) wataman ’аканом’. Ст.-бел. з 2‑й палавіны XV ст. оутамонъ, втамон, отаманы, атаманъ у знач. ’рыбацкі завадатар’ (1577), ’аканом’ (1497), ’чыноўнік па збору падаткаў, падпарадкаваны татарскім баскакам’ (XVI ст.). Ст.-укр. ватаманъ (1422) ’стараста’, з XVI ст. атаманъ са значэннямі, блізкімі да старабеларускай. Этымалогія слова высветлена не да канца. Ранейшыя прапановы ўзводзіць яго, як і польск. > укр. гетьман, з ням. Hauptmann < heubtmann (Міклашыч, 5; Бернекер, 1, 378; Гараеў, 7) запярэчваюцца ў сувязі з фанетычнымі цяжкасцямі. Не прымаецца таксама этымалогія Гараева, 438, з тур. (?) ата ’бацька’ + туман ’10 000 (войска)’ у сувязі з нерэальнасцю такога спалучэння ў турэцкай. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Т. Корзана, падтрыманая і абгрунтаваная Брукнерам, KZ, 48, 172, а потым больш дакладна Дзмітрыевым, Строй, 523: крым.-тат. отаман > одаман ’старшы пастух, пастухоў бацька’ (ман павелічальны суфікс), адкуль атаман, отаман (Брукнер, 8; Фасмер, 1, 95; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 36; Шанскі, 1, А, 169–170; Курс суч., 161). Гэта этымалогія, аднак, не тлумачыць ст.-рус. наўг. ватаманъ ’працуючы на суднах’ па гістарычных, геаграфічных, фанетычных прычынах, таму Фасмер выдзяляе ватаман у асобны артыкул, хаця і не тлумачыць яго; Саднік-Айцэтмюлер лічацца з магчымасцю старога цюркскага запазычання; Праабражэнскі (1, 9–10) спачувальна прыводзіць думку Сразнеўскага (1, 231) пра сувязь ватаманъ з ватага. Старое цюркскае запазычанне магчыма (параўн. чув. утаман побач з атаман, якое Ашмарын (2, 133) лічыў запазычаннем з рускай; параўн. Ягораў, 278). Нельга выключыць і ватаманъ ’працуючы на судне’ з германскага (параўн. с.-в.-ням. Waʒʒermann ’марак, лодачнік, шкіпер’, англ. waterman ’лодачнік, вясляр’ і г. д.). Ст.-польск., ст.-бел., ст.-укр. ватаман ’чыноўнік, аканом’ магло ўзнікнуць пад уплывам іншых слоў (параўн. ст.-польск. watman), напр. Amtmann. Гэта не выключае і кантамінацыі з одаман ’старшы пастух’ і з оттоман ’турак’. Сучасныя беларускія значэнні замацаваліся пад рускім уплывам. Пра цюркскае паходжанне слова гл. Дабрадомаў, РР, 1972, 5, 110–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)