фурма́н, а́, м.

Чалавек, які кіруе конямі ў запрэжанай фурманцы; вазак. Дзядзька Макар, вядомы партызанскі фурман, ведаў, што нельга вельмі падганяць каня. Сабаленка. На добрым кані нас падвозіў штатны фурман калгаса дзядзька Мірон, па прозвішчу Шэўчык. Кавалёў.

[Ням. Fuhrmann.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзіві́цца, здзіўлюся, здзівішся, здзівіцца; зак.

Прыйсці ў здзіўленне, уразіцца незвычайнасцю чаго‑н. Макар уяўляў, як здзівіцца маці, калі ён пастукае ў шыбу. Асіпенка. [Скрыпач] здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Выказаць сваё здзіўленне словамі. — Ай! — спалохана здзівілася Соня, быццам убачыла Юрку ўпершыню. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́лы, ‑аў, адз. няма.

Ручная сельскагаспадарчая прылада ў выглядзе доўгага дзяржання з рагулінай або зубамі на канцы для падняцця і пераносу сена, саломы і пад. Макар скідваў траву. Падхопліваў на вілы добрае бярэма, шпурляў на зямлю. Асіпенка.

•••

Віламі па вадзе пісана гл. пісаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненаві́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго-што.

Адчуваць нянавісць да каго‑, чаго‑н. Вотчыма Макар ненавідзіць. Стараецца нават не сустракацца з ім. Асіпенка. — Вучы ты дзяцей так, каб яны ўжо з маленства ненавідзелі вайну і тых, хто яе жадае. Шамякін. Больш за ўсё на свеце.. [Арлоўскі] ненавідзеў верхаглядства, пустую балбатню. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безгало́ўе, ‑я, н.

1. Пра адсутнасць добрага кіраўніцтва, разумнай галавы. [Сяргей:] — І ты, Макар, пра гэта падумай. Не век жа табе звекаваць у гэтым безгалоўі. Сабаленка.

2. Абл. Пра вельмі дрэннае надвор’е (завіруху, дождж, буру). У такое безгалоўе ні кажух, ні валёнкі не ўпасуць. Ваўкі і тыя ідуць з лесу бліжэй да будыніны. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няспе́шны, ‑ая, ‑ае.

Які робіць што‑н. без спеху (пра чалавека). Няспешны ў рухах, разважлівы, заўсёды з усмешкай, лагоднай і хітраватай, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям. Шыцік. // Які адбываецца без спеху; павольны, спакойны. Няспешная гутарка. Няспешная гульня. □ Аляксей Іванавіч увайшоў у пакой цяжкім няспешным крокам. Шашкоў. // Які не патрабуе спешнага выканання. Няспешная работа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.

Выказаць словы каманды, аддаць які‑н. загад. — Стройся! — скамандаваў тады Корчык, выходзячы.. на дарогу. М. Ткачоў. — Вольна! — скамандаваў.. [Ягораў]. Байцы ўскалыхнуліся, ім перадалося хваляванне камандзіра. Краўчанка. // Разм. Распарадзіцца, загадаць зрабіць што‑н. — Пастаў чамадан! — раптам скамандаваў Сцяпан Міхею і ўхапіў Маю за руку. Дуброўскі. — А ну, возьмемся талакой, — скамандаваў Макар. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяля́ і цялё, ‑ляці; мн. ‑ляты, ‑лят; н.

1. Дзіцяня каровы. На пустых палянках у садзе пасвяцца цяляты. Бядуля. Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны. // Дзіцяня ласіхі, аленя і пад. Следам за .. [зубрам] выходзіць на паляну ўвесь статак. Тут і маладыя зубры, і падлеткі, і дарослыя зубрыцы з цялятамі, падобнымі на буйных, калматых медзведзянят. В. Вольскі.

2. перан. Пра бязвольнага, безадказнага ці занадта прастадушнага, няхітрага чалавека. «Цяля!» — у думках вылаяў сябе Кулік. Гурскі.

•••

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

Дзе і Макар цялят не пасе — тое, што і дзе і Макар коз не пасе (гл. дзе).

У бога цяля ўкрасці гл. украсці.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго — пра таго, хто не можа або не хоча сказаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссумава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак., па кім-чым і без дап.

Разм. Сумуючы, змучыцца, стаміцца. [Вася:] — Я без вагання аддаў бы ўсё, што было ў мяне,.. абы я толькі мог паглядзець .. [Зіне] у вочы і ўбачыць, што яна таксама ссумавалася па мне. Гаўрылкін. Ссумаваўся Макар па Закружжы, па маці, па вечарынках, ды што граху таіць, і па Еве. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Звярнуцца да многіх з адным і тым жа пытаннем. Апытаць суседзяў. // Выклікаць па чарзе (вучняў) для праверкі ведаў. Апытаць вучняў. // Зрабіць допыт каму‑н. Апытаць падсуднага. □ [Веразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

2. Разм. Знайсці што‑н., распытваючы. Апытаць кватэру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)