Лу́хта́н ’лодар, гультай’ (Ян.) і лухта́нішчэ ’таўстун’ (ТС). Узніклі ў выніку кантамінацыі лексем лухта ’манюка, балбатун’ і муцян (параўн. драг. муте́н < мутя́н ’тс’). Другой лексемай магла б быць і ⁺луца́н, параўн. укр. дуца́н ’таўстатвары мужчына’, якое з лут1 (гл.), і тураў. луця́ро ’гультай, лежань’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луці́ца ’сасна з тонкай абалонкай, моцнае бервяно з якой мае тонкія валокны’ (Маш.; лоеў., Мат. Гом.), ’лаза’, ’драўніна без сучкоў’ (Ян.). Укр. кіеўск. лути́ця ’малады слой дрэва, які знаходзіцца адразу пад карой’, жытом. лути́ця, лути́чина, лутичі́на ’стрыжань сасны ці елкі’, ’смалістая сасна або яліна’ (ЛАПП). Да лут1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́ты ’злы, крыважэрны (пра жывёл)’, ’жорсткі, бязлітасны’, ’кровапралітны’, ’невыказна цяжкі’, ’суровы, крайне строгі’, ’вельмі моцны ў сваім праяўленні’, ’сіберны (пра з’явы прыроды), рэзкі, халодны’ — адсюль і назва другога месяца каляндарнага года — лю́ты (Нас., Бяльк., Шат., Гарэц., Бес., Яруш., ТС, ТСБМ). Булахаў (Гіст., 121–122) для ст.-бел. лютый вылучае наступныя значэнні: ’дзікі, неўтаймаваны, драпежны (звер)’, ’раз’юшаны, шалёны (чалавек)’, ’вельмі жорсткі, крывавы, кровапралітны (бой, зброя, сеча)’, ’бязлітасны, пакутлівы, вельмі цяжкі (стан здароўя)’, ’надзвычай халодны, марозны (зіма, другі месяц года)’. Укр. лю́тий, рус. лю́тый, люто́й, польск. luty азначаюць ’строгі, дзікі, бязлітасны, жорсткі’, ’халодны, марозны’ і ’другі месяц зімы’; толькі ў серб.-харв. гаворках лути мае апошняе значэнне; у іншых мовах: чэш. litý, ст.-чэш. lʼutý, славац. ľúty, славен. ljȗt, серб.-харв. љу̑т, макед. лут, балг. лют, ст.-слав. лютъ абазначаюць ’дзікі, злы, востры, строгі, бязлітасны, крыважэрны, крохкі, ломкі, кіслы, вельмі горкі, нязносны, атрутны’ і да т. п. Прасл. lʼutъ, якое збліжаюць з кімр. llid (< *lūto ’гнеў, раз’юшанасць’), з тах. прыслоўем lyutār ’вельмі’. Трубачоў (Эт. сл., 15, 236) суадносіць яго з і.-е. *leu‑, *leu̯ǝ‑, *lēu‑, ’аддзяляць’. Іншыя менш імаверныя версіі і л-ру гл. Фасмер (2, 547), Скок (2, 340–342), Бязлай (146), БЕР (3, 581–584). Сюды ж лю́тасць ’люты, раз’юшаны, гнеўны стан’ (ТСБМ). Аб бел. палютый, укр. палютий — назва 13‑га месяца паміж зімой і летам (вясной) гл. Шаўр (Этимология–71, 93–101). Аб выразе лютый звѣрь ’дзікая жывёла (леў, барс, мядзведзь і інш.’, ’казачная жывёла (змей, гривь)’ гл. артыкулы Сумнікавай, Сабаляўскаса і Іванава ў БСИ, 1984, 59–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)