Луб1 ’валакністая частка кары дрэў’, ’палоска кары ліпы, вяза’, ’кош, каробка’, лубі́на ’тоўстая кара з ліпы’, лубʼе, лубі́на старая — са знявагай аб старых людзях (ТСБМ, ТС, Бес., Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.). Укр. луб, бойк. луба, лупа, рус. луб, польск., н.- і в.-луж. łub, чэш., славац. lub, славен. lȗb, серб.-харв. лу̑б, lȕb макед., балг. луб. Прасл. lubъ ’кара з дрэў і вырабы з яе’, генетычна роднаснае да літ. lùobas ’кара з елкі ці ліпы’, lùbos ’столя’, lubà ’дошка’, ст.-прус. luba ’дошка’, лат. luobs ’лушпіна’, luôbît ’лупіць, лузгаць’, алб. labë ’кара, корак’, ст.-ісл. laupr, ст.-англ. lēap ’буч, кошык’, лац. liber < *lubro ’лыка, кніга’ (параўн. ст.-пск. лубъ ’грамата’ — Філін, Происх., 611). Да і.-е. *loub(h)‑o < leub(h)‑ ’здзіраць кару, лыка; лупіць, лускаць’ (Фасмер, 2, 526–527; Слаўскі, 5, 269; Скок, 2, 322–323; Махэк₂, 342; Бязлай, 2, 153; Шустар-Шэўц, 11, 782–783).

Луб2 ’драўляная абечайка вакол каменя ў жорнах ці млыне’ (Кліх, Тарн.), ст.-польск. łub (XVI ст.), н.-луж. łub, ст.-чэш., славац. lub, балг. луб ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lubъ з тым жа значэннем. Да луб1 (гл.).

Луб3 ’задняя частка бота’ (брэсц., Тарн.). Відаць, з польск. зах.-прус., кялецк., кракаўск. łub ’тс’, łuba ’цвёрдая і крохкая падэшва’. Да луб1 < прасл. дыял. lubъ, luba (Слаўскі, 5, 270).

Луб4 ’накрыўка для чоўна’ (гродз., Нар. сл.). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́заць ’гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’назаляць словамі, набрыдаць’ (КЭС, лаг.), рус. пск., цвяр. лузжа́ть ’уніжана прасіць’, лузга́ ’дакучлівы чалавек, папрашайка’. Сюды ж, відаць, і серб.-харв. lȕzati ’гаварыць многа і пры гэтым выбалбатаць праўду’, lȕzav, lȕzavec ’пустамеля, лапатун’. Балтызм. Параўн. літ. lū́dzoti, лат. lūdzīt, lūgt ’прасіць, вымольваць’, lūdzejs, ludzošs ’той, хто вымольвае, выкленчвае, выпрошвае’, lūdzu! ’калі ласка’. Гэтак жа і Лаўчутэ (Сл. балт., 119). Скок (2, 333) суадносіць серб.-харв. лексемы з (класічным) лац. ludere, якое з lūdus ’гульня’ — не зусім пераканаўча.

Луза́ць ’біць, караць’ (Янк. 1, Мат. Гом.), лузану́ць ’секануць’ (жлоб., Мат. Гом.), ’сцебануць’, ’пайсці (пра дождж)’ (Ян.), лузану́цца, лу́знуцца ’моцна стукнуцца, ударыцца’, лу́знуць ’стукнуць’ (клец., Жыв. сл.; ТС). Рус. пск. лузжи́ть ’біць’, цвяр. лу́знуть ’дзюбнуць, выпіць віна’, ’сцебануць’; пск., цвяр. лу́знуться ’паслізнуцца і ўпасці; моцна ўдарыцца’, лызга́ть ’слізгацца па снезе, катацца на каньках’, тамб. слы́зить, слызну́ть ’злякацца’, рус. лызгону́ть ’даць лататы’, ’вышмыгнуць’; ст.-чэш. lyziti sě ’ўсміхацца’, валаш. lyziť sa ’прыдуркавата смяяцца’, lizoniť sa ’вышчэрвацца’, славац. luznuť ’ударыць па твары’, ’даць у вуха’, ’наступіць’, luzniť sa ’песціць’; серб. ц.-слав. лузгати ’жаваць’, серб.-харв. (жаргоннае) і макед. luzati ’біць, валіць’, балг. лу́згам ’штурхаю’, пірдопск. лу́згам, лу́скам, лу́зна ’б’ю, мучу’, хаскоўск. лузгъм съ, лу́знъ ’катаюсь’, лъ́згам се ’катаюсь на санках або на нагах’, радоп. лизгам са, лизгна са ’тс’. Сюды ж і бел. лузаць ’разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці, лушчыць’ (ТСБМ, Шат., Янк. 1, Мат. Гом.), ’лушчыць (гарох, фасоль’), ’чысціць’ (Ян.; калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луза́ти і лузга́ти, луза́ть ’лушчыць’, луза́тися ’лушчыцца’, лузга́ ’шалупінне’, зах. лу́зати ’здабываць насенне, гарох і да таго пад.’; рус. арл., ленінгр. лузжи́ть ’лузаць, лушчыць’, зах.-бран., кур. луза́ть ’тс’. Усх.-слав. дыялектны дублет да лузга́ць (гл.). Уваходзяць у групу слоў з рухомым зыходным элементам: luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lušp‑/lusp‑ з агульным значэннем ’лушчыць, знімаць скуру (кару)’ і з пашыральнікамі кораня ‑z‑/‑zg‑/‑sk‑/‑sp. Іх семантычная мадэль на славянскім моўным арэале характарызуецца наступным наборам значэнняў: ’біць, ударыць, сцябаць’ — ’лупіць, лушчыць, здзіраць, ачышчаць ад шалупін’ — ’луска’ — ’жэрці, жлукціць’ — ’коўзацца’ — ’шмыгнуць, знікаць’ — ’усміхацца’ (Куркіна, Этимология–72, 68–73). Слав. luzg‑/lusk‑ адпавядаюць літ. láužti ’ламаць’, lū́žti ’разбівацца, ламацца’, lū̃žis ’расколіна, трэшчына’, lusnà ’шалупінне’, nu‑lùzgęs, lùzgis ’абадранец’, lùzgana ’лупіна’, лат. laûzt ’ламаць’, laûska ’абломкі’ (Махэк₂, 345; Фасмер, 2, 530; Слаўскі, 5, 374–377; БЕР, 3, 492–493; Скок, 2, 333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)