звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.

2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барада́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. бароды, ‑аў; ж.

1. Пярэдняя частка ніжняй сківіцы. На галаве — касынка, завязаная пад бараду. Брыль. Андрэйка даставаў да стала толькі барадой. Бядуля. [Коля] як ляжаў тварам уніз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Чорны.

2. Валасяное покрыва ніжняй часткі твару. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч. // перан. Разм. Пра чалавека з такім валасяным покрывам. // У некаторых жывёл і птушак — пучок доўгіх валасоў ці пер’я ля шыі і на грудзях. Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Крапіва.

3. Касмыль недапрадзенай кудзелі льну, воўны. Падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Мележ. // Наогул усё калматае, што нагадвае касмыль. З-пад барабана выскачыла першая вялікая пакамечаная барада саломы. Васілевіч. Лес глядзіць з-пад зялёных веек самацветамі воч птушыных, .. аганькамі ўспыхнуўшых красак, вугалькамі суніц і касцянак, што гараць на бародах моху... Арочка. // Зблытаныя ніткі, лёска і інш. І толькі тут, на беразе возера, даведаўся я, што за машына гэты спінінг! Размахнуўся першы раз — у куст блясну ўсадзіў. Махнуў другі раз — «бараду» зрабіў, ды такую, што разблытаў яе толькі праз тыдзень. Шашкоў.

4. Невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі пры заканчэнні жніва. З каласоў завязалі [жнеі] Бараду, як вялося. Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілося. Калачынскі.

•••

Анекдот з барадою гл. анекдот.

Дзіравая барада — пра таго, хто, едучы, абліваецца стравай.

Казліная барада — рэдкая, вузкая, непрыглядная барада.

Навіна з барадою гл. навіна.

Смяяцца ў бараду гл. смяяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)