прапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму‑, чаму‑н.; пусціць перад сабою каго‑н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын. Пальчэўскі. Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Мележ. // Дазволіць каму‑н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму. Якімовіч. Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі. // Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць. Бугаёў. [Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... Дамашэвіч. // Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.

2. што. Даць прайсці, пранікнуць праз што‑н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.

3. што. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну. «ЛіМ». Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай. Гаўрылкін. // Прымусіць прайсці праз што‑н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі. Шашкоў. // Апрацаваць якім‑н. апаратам, прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.

4. каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што‑н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. □ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці. Брыль.

5. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць. // Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што‑н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку. Чарнышэвіч. // Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым. Шахавец. Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Колас.

6. што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце. // Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў. Пальчэўскі. Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова. Гарбук. // Не з’явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы. Шахавец. [Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. Чорны. — Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід. Машара.

7. што і без дап. Разм. Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з’есці што‑н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай? Хадкевіч.

•••

Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)